Пастаўкі беларускага ўзбраення ў Азербайджан працягнуцца



Відавочна, партыя цяжкіх рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз», атрыманая Азербайджанам ў чэрвені бягучага года – толькі пачатак. І на перспектыву можна чакаць новых паставак ракетнага ўзбраення з Беларусі азербайджанскай арміі.

З 21 жніўня праходзіў візіт у Беларусь першага намесніка Міністра абароны Азербайджанскай Рэспублікі – начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-палкоўніка Наджмедына Садыкава. Адбыліся перамовы з Міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым і начальнікам Генеральнага штаба беларускай арміі Алегам Белаконевым. Бакі абмеркавалі пытанні рэгіянальнай бяспекі і развіццё супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай галінах.

Таксама адбылася сустрэча генерал-палкоўніка Н. Садыкава і старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Рамана Галоўчанкі, на якой абмяркоўваўся стан супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў ваенна-тэхнічнай сферы.

Таксама генерал-палкоўнік Садыкаў наведаў адно неназванае прадпрыемства ВПК Беларусі.

І пры гэтым нічога не паведамляецца пра дату заканчэння візіту азербайджанскага вайсковага кіраўніка на Беларусь.

Раней у траўні месяцы Міністр абароны Азербайджана генерал-палкоўнік Закір Гасанаў прымаў дэлегацыю Дзяржкамваенпрама Беларусі. У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся нейкія новыя буйныя праекты у інтарэсах азербайджанскага боку.

Калі паглядзець на геапалітычнае становішча Баку, заціснутага паміж Іранам і Расеяй, то да ліку буйных і важных праектаў азербайджанскай арміі, з якімі можа дапамагчы Беларусь, адносяцца перш за ўсё пастаўкі ракетнага узбраення. Гаворка ідзе аб пашырэнні наменклатуры боепрыпасаў для РСЗА «Паланэз» за кошт ракет падвышанай далёкасці або магутнасці. І тут важныя перспектывы прыняцця на узбраенне Беларуссю кітайскай аператыўна-тактычнай ракеты М-20. Гэта па-першае. Па-другое – гэта прагрэс ў стварэнні беларускага зенітна-ракетнага комплексу сярэдняй далёкасці (то бок да 100 км). Які павінны былі прадэманстраваць да канца мінулага года, але пакуль не прадэманстравалі. Гэты ЗРК таксама ствараецца з кітайскай тэхналагічнай падтрымкай. І цалкам магчыма – пры азербайджанскім фінансавым удзеле.

Інтэнсіўнасць і ўзровень беларуска-азербайджанскай камунікацыі ў галіне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва сведчыць аб высокай важнасці праектаў, якія ажыццяўляюцца. І аб тым, што абодва бакі вельмі зацікаўлены атрымаць вынік у бліжэйшы час. Нешта, ці нехта прымушае іх спяшацца. У любым выпадку, партыя цяжкіх рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз», атрыманая Азербайджанам гэтым летам—толькі частка ўгоды. І ў агляднай перспектыве можна чакаць новых паставак ракетнага ўзбраення з Беларусі азербайджанскаму войску. Што ба там не думалі ў Ерэване на гэты конт.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ