Прамова Лукашэнкі створыць новыя праблемы



100-годдзе савецкай арміі беларускія ўлады выкарысталі для таго, каб выліць цэбар бруду суседнім краінам.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 22 лютага перад у тым ліку і замежнымі дэлегацыямі, паўтарыў усе асноўныя крамлёўскія мэсыджы: абвінаваціў Захад у мілітарызацыі рэгіёну і правакаванні росту ваенных выдаткаў, распавёў пра пашырэнне НАТА на Ўсход падманным шляхам (маўляў, абяцалі не пашырацца і «кінулі», буржуі недабітыя), назваў былыя сацыялістычныя краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы «тэрыторыі, якія былі нам падкантрольныя» намякаючы на ​​арганізацыю Варшаўскай дамовы. Пры тым, што «нам» яны былі «падкантрольныя» непрацяглы перыяд і тое ў першай трэці 15-га стагоддзя.

Традыцыйна для юбілейных дат адбылося наданне генеральскіх званняў. Сярод атрымальнікаў генеральскіх пагонаў – палкоўнік Руслан Касыгін. А ці ня той гэта палкоўнік Касыгін, які раней адзначыўся антыўкраінскімі заявамі, прычым, публічнымі?

Інакш як плявок у твар суседзі падобныя паводзіны не ўспрымуць. Па-першае, для нашых эўрапейскіх суседзяў і Ўкраіны ўсё, што звязана з савецкім мінулым, з’яўляецца вельмі адчувальнай тэматыкай ва ўнутрыпалітычнай сферы. І тое, што былі накіраваныя прадстаўнікі для святкавання дня савецкай арміі ў Менск – гэта вельмі сур’ёзнае рашэнне, небяспечнае для тых, хто яго прымаў у краінах Балтыі і ў Польшчы як мінімум палітычным скандалам. Па-другое, паўтарыўшы асноўныя крамлёўскія наратывы, А. Лукашэнка даў проста жалезабетоныя козыры тым у суседніх краінах, хто лічыць Беларусь абсалютна залежнай ад Расеі у ваенай сферы. А значыць і няздольнай выступаць бокам-партнёрам у гэтых пытаннях. Лукашэнку за язык ніхто не цягнуў і пад руляй пісталета не прымушаў раздаваць генеральскія пагоны. Як кажуць, «па ўласнай волі і без прымусу». Па-трэцяе, нешта нічога не чуваць аб узроўні расейскага прадстаўніцтва на святкаваннях ў Менску. Калі б беларускі бок быў задаволены складам расейскай дэлегацыі, то будзьце ўпэўненыя – ужо бы і Лукашэнка, і Раўкоў правялі асобны прыём для расейскіх «партнэраў». І дзяржпрапаганда пратрубіла бы пра непарушны хаўрус. Але ў выніку ўсё абмежавалася дзяжурнай фразай аб умацаванні адносінаў з Расеяй і развіцці супрацоўніцтва ў рамках АДКБ.

А вось удзячнасць Кітаю за падтрымку ва ўмацаванні абароннага патэнцыялу прагучала. Дзеля справядлівасці, расейская падтрымка ў фінансавым вымярэнні як мінімум не меньшая. Але вось пра гэта чамусці Лукашэнка публічна не згадваў.

На жаль, беларускія ўлады дэманструюць неадэкватнае ўспрыманне сваёй ролі і месца ў рэгіянальнай палітыцы. І паводзяць сябе так, як калі б яны былі важны і аўтарытэтны гулец, ад якога залежыць нешта значнае. Увогуле, у гісторыі такія прыклады здараліся не раз. І кожны раз вяртанне ў рэальнасць было балючым. А часам і фатальным.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ