1 верасня



Заўжды ёсць выбар – або распачаць вайну 1 верасня, або пайсці ў школу… Вучыцца ці вучыць. Школа – гэта мірнае засваенне новых тэрыторый.  Пазітыўнае. Прадуктыўнае. Ура!

Што павінны ведаць зацікаўленыя грамадзяне РБ пра апошняе змяненне коштаў на тавары ды паслугі? Ёсць тут пару тэматычных вераснёўскіх навінаў.

Вучыцца – дарагое падчас задавальненне. Не гледзячы на некаторыя абяцанні, вышэйшая адукацыя падаражэла. Для многіх першакурснікаў – на 10-15% у параўнанні з годам мінулым. Усё лагічна: тарыфныя стаўкі, камунальныя паслугі, паслугі сувязі… Не кажучы пра курс даляра і еўра! Усё лагічна, але першакурснікам ды іх бацькам не лягчэй ад такіх тлумачэнняў, бо і яны жывуць у гэтай краіне імклівага росту коштаў і стагнацыі эканомікі.

У параўнанні з 2014-ым, не патаннелі і школьныя падручнікі… Між тым, для замежных студэнтаў кошты былі зніжаны, і цяпер навучэнцы з Арменіі, Расеі, Казахстана і Таджыкістана могуць разлічваць на зніжкі ад 5 да 15%. Логіку прасачыць цяжкавата.

З 1 верасня выраслі кошты і на тры маркі цэгарэтаў. Ці шмат будзе жадаючых зрабіць крок да здаровага ладу жыцця? І пачаць збіраць грошы на ўласнае жытло, напрыклад, бо „Беларусьбанк” зноўку пачаў выдаваць крэдыты для набыцця жытла на другасным рынку. Працэнт “шыкоўны” – 32% гадавых. Распавесці такое амерыканскім падаткаплацельшчыкам… У людзей быў бы культурны шок! Як у нашых пенсіянераў, калі дазнаюцца пра жыццё пенсіянераў з-за акіяну…

Зрэшты, у нашых – чарговы пазітыўчык. Беларускім пенсіянерам у верасні падвышаюць працоўныя пенсіі. Ура, таварышы! Сярэдняя пенсія “падрасце” на 5% і складзе дзесьці 2799900. 160 даляраў. Сумнавата. І гэта першае павелічэнне пенсій у 2015 годзе.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ