29 кастрычніка 1937 года і пазней…



29 кастычніка 1937 года – чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКВД расстралялі цэлую групу беларускіх літаратараў (Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Валеры Маракоў…) ды іншых прадстаўнікоў нашай эліты. Нашай беднай несфарміраванай эліты… Усіх агулам 132 чалавекі… 

Хто застаўся жывы, таму таксама жылося нялёгка пад шэрым савецкім небам, пад прыгнётам страху, пад ціскам абставінаў і згрызотаў сумлення… Зрэшты, хтосьці радаваўся проста выконваючы і перавыконваючы нарматывы па расстраляных – гэта праўда. Людзі розныя. І многія злачынцы сталінскага і гітлераўскага часу дажылі да глыбокай старасці ў добрым настроі, не ведаючы, што такое галеча ці страх… Зрэшты, нельга ўлезці ў скуру іншага чалавека, кожны з нас мяркуе пра іншых па сабе.

Ты радуешся, што калісьці не раз чула ад бабулі і добра запомніла гісторыю прабабулі. Тая не дачакалася каханага хлопца, які хадзіў ва ўсходнюю Беларусь нелегальна, быў камуністам… І не пайшла з ім у савецкую Беларусь, на ўсход, а пайшла замуж за іншага. Усе ў радні лічылі першага кавалера прабабулі вялікім начальнікам, якога закатавалі пазней у сталінскіх засценках. Лёс яго сям’і – жонкі і двух сыноў – быў трагічным. І апынуўся ён не начальнікам, а простым пекарам-кандытарам з Магілёва, што выявілася пазней дзякуючы базе дадзеных Леаніда Маракова. Ты радуешся, што твая прабабуля замуж пайшла за мясцовага… Ніхто не трапіў у Сібір або на Калыму, усе засталіся жывымі. Праўда, лёс яе ад гэтага шчаслівым не стаў. Проста прадзед твой не быў расстраляны немаведама дзе і пахаваны на мясцовых могілках, ля царквы… Але памёр вельмі рана ад невылечнага на той час дыябету, пакінуўшы ўдаву і чатырох дзяцей (малодшай было сем).    

29 кастрычніка ў Курапатах прайшла трэцяя штогадовая акцыя памяці «Ноч расстраляных паэтаў». Ініцыятар – Зміцер Дашкевіч. Грошы збіралі праз краўдфандынг, талакой… Сабралі, сабраліся, прыйшлі. Чыталі вершы і згадвалі забітых паэтаў… Насуперак халоднаму восеньскаму вечару… Зрэшты, ва ўсіх нас ёсць шанец апрануцца цёпла, ідучы ў Курапаты, і потым вярнуцца дадому – жывымі! Варта радавацца.

Ты радуешся, што калісьці твая прабабуля не пайшла замуж за паэта, камуніста або пекара. Усё сталася так, як сталася. І кожнаму сваё.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ