“Адчуй сябе міністрам культуры!”



Безумоўна, кожны дарослы чалавек перш за ўсё павінен разлічваць на сябе самаго ў дасягненні сваіх мэтаў і задач, але ў людзей беларускамоўных ў Беларусі проста перадоз самастойнасці. Хочаш садок, школу, кнігу на мове? Рабіся танкам і прабівай муры.

Усё гэта магчыма, як паказвае практыка, але ў выданні добрых кніг хацелася б мець нейкую дамамогу, а не разлічваць выключна на талаку ды краўдфандынг ва ўсемагчымых яго праявах. Дзяржава не дае грошай на добрыя пераклады бестселераў і класікі для дзяцей ды дарослых? Не фундуе айчынных выдаўцоў і перакладчыкаў? Дапамагае кніжнаму рынку суседняй дзяржавы? Не навіна!

Навіной сталася іншае. Аказваецца, існуе такая цікавая праграма Еўразвязу – “Крэатыўная Еўропа”. І дадзеная праграма вылучае 2 мільёны еўра на падтрымку перакладаў літаратуры з еўрапейскіх моваў. Беларускія перакладчыкі і выдаўцы не маюць права ўдзельнічаць у праграме: Беларусі няма ў спісе краін-удзельніц. Узнікае пытанне – чаму?  

Літаратарка і перакладчыца Марыя Мартысевіч вырашыла знайсці адказ. Адказ наступны: удзел у праграме “Крэатыўная Еўропа” павінна ратыфікаваць Міністэрства культуры краіны, якую праграма цікавіць. Мінкульт РБ не ратыфікаваў перакладніцкую праграму, а вось чыноўнікі Украіны, Грузіі і Малдовы зацікавіліся, парупіліся – ратыфікавалі. І маюць добрыя грошы на добрыя пераклады. Усё проста і складана насамрэч – паперы і подпісы вырашаюць лёс людзей і кніг… Але ж нам не звыкаць прабіваць муры, праўда?

Маем шыкоўны лозунг ад Марыі Мартысевіч – “Адчуй сябе міністрам культуры!” – і падтрымай выданне чатырох выдатных кніг на беларускую мову. Серыя “Лета з “Амерыканкай” стартавала амаль месяц таму (http://ulej.by/project?id=199735), але, на жаль, сабрала толькі 11% усёй патрэбнай сумы. Нам патрэбны добрыя пераклады на беларускую мову? То трэба збіраць грошы талакой і паралельна з гэтым пераконваць Міністэрства культуры, што 2 мільёны еўра на дарозе (у Еўропу?) не бадзяюцца.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ