Аднакласнікі



Авантурныя сюжэты літаральна грукаюцца ў дзверы! Сядзіш сабе дома, нікога не чапаеш – і вось, атрымай! І каб што добрае? Не! Яшчэ адно махлярства невядомага паходжання…

Справа была такая. Вёска, восень, інтэрнэт… А менавіта – сацыяльная сетка “Аднакласнікі”, папулярная сярод людзей, якія калісьці былі аднакласнікамі і аднакурснікамі. Землякі! І калі раней у вёсцы прынята было сустракацца, то цяпер кабеты часцей “вітаюцца” паштовачкамі праз сеціва ды разглядаюць фотачкі адна ў адной на аднакласніках. Хтосьці ружамі хваліцца, хтосьці ўнукаў паказвае, а хтосьці з’ездзіў за мяжу і не можа не расказаць пра гэта… Парыж ці Пецярбург – не прынцыпова! Польшча? Украіна? Штаты? А то ж! І не важна, ці ты ўнукаў глядзець дапамагаеш, ці падарожнічаеш (а ёсць і ў беларускіх вёсках такія “выключэнні з правіл” – вандроўнікі!), ці яшчэ што надарылася… Сэнсорны голад – рэч непрыемная! І калі не можаш сустрэцца з чалавекам ужывую, то хоць на аднакласніках “убачышся”, слоўцам перамовішся і парадуешся! Тым болей – восень, холад, шэрань… Смутная часіна! Пра гэта і Колас пісаў, дарэчы…

Карацей, у адзін цудоўны восеньскі вечарок адна вясковая пенсіянерка атрымала паведамленне ў аднакласніках ад іншай жыхаркі гэтай самай вёскі. Маўляў, “Беларусьбанк” юбілей адзначае. Ці хочаш пра бонусы даведацца? Хачу, піша… То дай нумар сваёй карты! Дала… І не толькі нумар. Мо, і пін-код напісала, але ж жанчына потым была ў такой роспачы ды нервах, што стала не да роспытаў… Аказваецца, ніякіх паведамленняў іншая пенсіянерка не адпраўляла нікому. Проста яе профіль скапіравалі, паставіўшы на аватарку тую ж загалоўную фотку – вось і ўсё. А іншая не разабралася, што да чаго, ды “раскалося”, выдаўшы махляру ўсе свае банкаўскія дадзеныя. Пазней той і профіль яе ўзламаў, і карту банкаўскую… Добра, што грошай там ужо не было: пенсія хутка сыходзіць на прадукты, камуналку, унукаў… Паведамленне пра юбілей “Беларусьбанка” атрымалі многія людзі. На шчасце, не ўсе паверылі.

То не верце, шаноўныя, адразу такім рэчам. І не лянуйцеся патэлефанаваць і спэўніць нейкую інфармацыю! А то падвіслі ў гаджэтах малыя і старыя, быццам мухі ў восеньскім павуцінні…

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ