Ах, лета!



Прагучаў апошні званок – вясна фінішуе і дае дарогу лету… Кагосьці бліжэйшым часам чакаюць новыя выпрабаванні, а кагосьці – тры месяцы свабоды! Канікулы!

Беларускія школьнікі застаюцца шчасліўчыкамі: пакуль наша Міністэрства адукацыі – вядомы эксперыментатар і вялікі аматар рэформаў! – яшчэ не адважылася зладзіць рэформу па скарачэнні летніх вакацый… Можна выдыхнуць! У астатнім вольніцу абмяжоўваюць наяўнымі магчымымі сродкамі.

Ва ўсіх школах краіны патрабуюць ад бацькоў справаздачу на тэму “Дзе ваша дзіця будзе бавіць час летам?” У бабулі? То напішыце дакладны адрас. З аднаго боку, гэта абарона інтарэсаў ды правоў дзіцяці. З іншага – чарговая спроба татальнага кантролю жыцця грамадзянаў… Дадзеныя пра тое, дзе будзе знаходзіцца вучань падчас летніх вакацыяў, збіраюць ужо не першы год. Не навіна, але некаторых бацькоў гэта працягвае абураць… Міністэрства адукацыі апраўдваецца перад журналістамі: дзеці павінны добра адпачыць і правесці лета з карысцю. Валодаючы інфой пра месцазнаходжанне дзіцяці, школа зможа прапанаваць карысны адпачынак на выбар – летнікі, паходы, экскурсіі… Бягучым летам у Беларусі будзе працаваць больш 6 тысяч аздараўленчых летнікаў, і з іх 1,7 тысячы – кругласуткавыя, паведамляе партал Tut.by.

Застаецца пытанне, што будзе з тым гіпатэтычным школьнікам, які захоча ЎСЁ лета пабыць з бабуляй і дзядулем – у вольным рэжыме вольнага мастака? Жыццё пакажа. Чыноўнікі ад адукацыі сцвярджаюць: іх першы клопат – дзеці з нядобранадзейных сем’яў. Ок, значыць, дзецям з добранадзейных можна расслабіцца?

Загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава дала каментар газеце “Звязда” па тэме і адзначыла пару прынцыпова важных рэчаў для дзяцей. Добры сон, правільнае харчаванне, рух і свежае паветра. Не забывайце пра прышчэпкі ды асцерагайцеся кляшчоў… І будзе вам шчасце. Міністэрствам адукацыі і здароўя – таксама. Не псуйце нервы чыноўнікам: яны і так стаміліся хвалявацца пра здароўе падначаленых… Выбачайце! Суграмадзянаў. Ім яшчэ пра ЦТ ды магчымую эпідэмію адру прыдзецца хвалявацца!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ