Альгерд у Віцебску



З’яўленне помніка вялікаму князю Альгерду ў Віцебску ды пачатак майдана ў Кіеве – ці ёсць сувязь паміж гэтымі дзвюма падзеямі? Аказваецца, ёсць…

У прыватнасці, так вырашыла некаторая частка расейскай дыяспары. На сайце грамадскіх арганізацый расейскіх суайчыннікаў у РБ “Разам з Расеяй” з’явіўся цікавы матэрыяльчык. Цытата (адчуйце стыль!): “Саступіўшы шматгадоваму ціску магутнага антырасейскага лобі ў сферы нацыянальна-культурнай палітыкі, улады Віцебска вырашылі паставіць помнік літоўскаму князю Альгерду ў цэнтры горада…” Карацей, таварышы-расейцы з сайціка пужаюць беларускіх ўладаў страшнымі нацыяналістамі і паўторам украінскіх падзей.

Хутчэй таварышы самі спужаліся і ўбачылі прывід беларускага майдана, быццам цень Зянона Пазняка! І хуценька-хуценька накаталі чарговы ліст кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку пра дрэнных беларусаў, што паставілі “няправільны” помнік. Папікнулі няправільным фарманнем нацыянальнай ідэі і тым, што “гісторыя Беларусі – гэта гісторыя сялянства”, а не Радзівілаў ды Сапегаў. Сем подпісаў.

Спадарства, у кожнай краіны – свае героі. І пара б ужо ведаць гісторыю братэрскага народа, для якога князі Альгерд ды Вітаўт героі, а не Сувораў ды Сталін… Мы ж добра ставімся да Пушкіна… Чаму б і вам не ставіцца з павагай да нашых герояў? Няўжо нельга заняцца сваёй культурай, развіваць яе, піярыць і пры гэтым не даставаць іншых? Эмоцыі.

У расейскіх СМІ ўсё часцей ужываецца слова “русафобія”, пад якім разумеецца нелюбоў да ўсяго расейскага і нават боязь расейскай культуры. Самі ж суседзі перыядычна становяцца ўкраінафобамі і беларусафобамі, што, на жаль, зусім не спрыяе міжнацыянальнаму сяброўству. Не вышэйшая матэматыка – вывучыць розніцу паміж сучаснай Літвой і ВКЛ. Вывучыць і правільна ўжываць назву краіны суседзяў тут і цяпер.

А віцябляне рады новаму прыгожаму помніку! Безумоўна, ён не ідэальны, і гісторыя з’яўлення Альгерда у Віцебску – гісторыя асобная. Няпростая. І яна тычыцца саміх беларусаў. Майце павагу да суседзяй – і не будзе русафобіі.

Усё гэта нагадвае паводзіны нявыхаванага дзіцяці ў пасочніцы, з якім ніхто не хоча сябраваць. Беднае дзіця не разумее – чаму. Чаму нельга біцца, кідацца пяском і не атрымліваць здачы. Ці проста абыякавасці. Зрэшты, гэта эмоцыі.

Усё будзе добра!

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ