Блакіт і золата дня. Казка



Другая палова кастрычніка ў нашых шыротах – суцэльная анамалія ў плане цеплыні (пра першую палову і згадваць не хочацца – туга!) Радуемся такой неспадзяванцы?

Заўжды прыемна прачнуцца восенню і ўбачыць сонца праз хмары… А тут і хмараў не было – падвойная прыемнасць атрымліваецца! Незапланавана. Цуд. Літаральна казка… Дарэчы, спадарства, ці падабаюцца вам рускія народныя казкі? “По щучьему веленью и моему хотенью…” Такая спакуса – адчуць сваю ўладу і штосьці камусьці загадаць, а загадаўшы, атрымаць калі не сёння, то праз нейкі час! Няпроста стрымацца.

Няпроста прымусіць сябе працаваць у такія цудоўныя дні … Што ўжо пра іншых казаць, але вось наш урад, напрыклад, атрымаў даручэнне трохі павялічыць рост эканомікі і заробкаў у 2020 годзе… І пачаў варушыцца – выконваць. Рост айчыннай эканомікі павялічаны на 0,3 працэнтнага пункта. Гучыць пазітыўна.

Яшчэ адна добрая навіна: кіраўнік дзяржавы падпісаў указ пра падвышэнне ў 2020 годзе стыпендый для асабліва паспяховых студэнтаў. Той самы дакумент прадугледжвае і даплаты да пенсій прафесарам і дактарам навук.

Безумоўна, добрае надвор’е нашых шыротаў імпануе не ўсім – з’язджаюць! Хто і куды менавіта? Па дадзеных дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС, за 9 месяцаў бягучага года на заробкі за мяжу – маецца на ўвазе афіцыйна і легальна, пры пасрэдніцтве адпаведных фірмаў – з’ехала 7386 чалавек. Гэта меншая лічба, чымсьці ў 2018-м. І калі ў РФ выехала 3000, то ў Вялікабрытанію – адзін чалавек. Чаму не Туманны Альбіён, а Расея-матухна? Пэўна, справа ў кліматычных звычках ды любові да рускіх народных казак… Бадай, іх прысутнасць у нашым жыцці паказвае на даволі глыбокую ступень інтэграцыі.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ