Было б шчыра прызнаць, або Пару слоў пра правы хворага чалавека



Беларусь – дзяржава неадназначная. Будзе несправядліва сцвярджаць, што ў нас усё дрэнна… Не, пэўна ж, ёсць месцы, дзе дарогі горшыя і дурняў паболей на квадратны кіламетр плошчы, але мы жывем тут і, адпаведна, за сваё і за сваіх хвалюемся. Лагічна.

Возьмем ахову здароўя, медыцыну. Ёсць такі невялічкі пункцік у пэўным законе, які дае права грамадзянам Беларусі атрымаць медыцынскую дапамогу за мяжой у тым выпадку, калі аналагічная дапамога не можа быць аказаная дома. І атрымаць такую дапамогу можна за дзяржаўныя грошы, то бок за грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў. І хоць многія высокатэхналагічныя аперацыі ў дадзены момант робяцца ў Беларусі на высокім узроўні, ёсць тыя захворванні, якім айчынная медыцына рады не дае. На жаль, бо дома і сцены дапамагаюць – рэч вядомая!

І вось маем сур’ёзнае генетычнае захворванне – СМА (спінальная аміятрафія). Доўгі час яно не лячылася нідзе ў свеце, але ў ЗША з’явіўся новы прэпарат, які тармозіць захворванне і дае добры вынік пры лячэнні хворых, асабліва дзяцей, – спінраза. Прэпарат наватарскі, і кошты касмічныя. Гадавы курс лячэння – 700 тысяч еўра, наступны год – 350 тысяч. І так – пажыццёва. Маюцца пэўныя рызыкі – альтэрнатывы на дадзены момант няма. Прэпарат афіцыйна зарэгістраваны ў ЗША, Еўропе і шэрагу іншых краін. Ва ўсіх гэтых краінах лячэнне хворых на СМА ідзе за кошт медыцынскай страхоўкі. У Расейскай Федэрацыі ды Украіне вядуцца размовы пра рэгістрацыю спінразы. Іншае пытанне – аплата.

Нашы чыноўнікі зрабілі лепш: яны папросту не прызнаюць, што лекі працуюць. Гэта прасцей – не прыдзецца адказваць, чаму беларускія хворыя не могуць атрымаць спінразу. Але з’явіліся маладыя бацькі хворай на спінальную аміятрафію дзяўчынкі, якія не пагадзіліся з такой пастаноўкай пытання і пайшлі даказваць сваю праўду ў суд. Беларускі суд. Аспрэчылі рашэнне камісіі Міністэрства аховы здароўя, якая палічыла лячэнне іх дачкі за мяжой за кошт бюджэтных сродкаў «немэтазгодным». Суд Маскоўскага раёна горада Менска стаў на бок Міністэрства аховы здароўя.

Бацькі хворай дзяўчынкі Веры Званько зноўку не пагадзіліся і падалі апеляцыю. Раней сям’і было прапанавана лячыцца за свае грошы… Цынізм сітуацыі ў тым, што калі маладая сям’я назбірае такую касмічную суму (а яны ўжо ў працэсе збору!), нейкім цудам прывязе прэпарат у Беларусь і нашы медыкі здолеюць прафесійна рабіць ін’екцыі ў пазваночнік (зрэшты, здолеюць!), пытанне ўзнікне на мяжы. Мытны збор. 30%. Дадайце да 700 тысяч яшчэ 200. Шыкоўна, праўда?

Было б шчыра прызнаць той жорсткі факт, што Беларусь не мае грошай на ўсіх сваіх хворых. Так, мы не Зімбабвэ, але і не Германія. Цікавыя звесткі па тэме прыводзіць “Радыё Свабода”: у дзяржаўным бюджэце 2016 года на лячэнне цяжка хворых і тых, хто шукае донараў за мяжой, было закладзена трохі болей за 260 тысяч еўра. Беларусь аплаціла такое лячэнне 13 хворым людзям. Гадавы курс спінразы – 700, а потым – 350 тысяч.

Што маем, то маем. Было б шчыра гэта прызнаць.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ