Чалавечы фактар



Бадай, надвор’е – адзін з тых фактараў, на якія мы не можам паўплываць. Застаецца радавацца ці засмучацца ды весці размовы пра няспраўджаныя (або, наадварот, спраўджаныя!) спадзяванні ў плане рэжыму тэмператур. Сiноптыкi нарэшце прагназуюць доўгачаканае летняе надвор’е і пакуль іх прагнозы спраўджваюцца. Цудоўна.

Тым часам, ёсць рэчы, якія могуць змяніць простыя смяротныя, калі не будуць абыякавымі назіральнікамі тут і цяпер. Просты прыклад – назва скверу ля Чырвонага касцёла. Менгарвыканкам падтрымаў ініцыятыву аб прысваенні скверу імя Эдварда Вайніловіча. Думаецца, што на рашэнне сталічных уладаў паўплывала і пазіцыя Інстытуту гісторыі НАН, і актыўнасць неабыякавых грамадзянаў, якія збіралі подпісы пад калектыўнымі зваротамі з просьбай увекавечыць імя мецэната і грамадска-палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча. Аставіць яго ў прасторы горада Менска. Канчатковае рашэнне будзе прынятае на сесіі Менскага гарадскога савета дэпутатаў, але наўрад ці штосьці кардынальна зменіцца пасля рашэння ўлады выканаўчай.

Тое ж самае можа адбыцца і з плануемым зносам квартала Асмалоўка. Зносу можа папросту не адбыцца, калі гараджане насамрэч зацікаўленыя ў захаванні Асмалоўкі. Ужо былі прэцэдэнты супрацьстаяння і захавання. Возьмем Котаўку ці Курапаты – іх удалося адстаяць менавіта дзякуючы неабыякавым людзям. Так і з Асмалоўкай – можна далучыцца да ініцыятыўнай групы, падпісаць і распаўсюдзіць петыцыю ў інтэрнэце (https://petitions.by/petitions/744#.WUGldhTLEJY.twitter ) ці прыняць удзел у зборы жывых подпісаў. У рэшце рэшт можна (і варта!) прыйсці 26 чэрвеня ў 18.30 на грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі мікрараёна ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна Менска па вуліцы Мельнікайтэ, 6.

Можна паспрабаваць захаваць штосьці цікавае, жывое… А можна проста рукой махнуць і… Хай у сталіцы з’явіцца яшчэ парачка безгустоўных будынкаў са шкла і бетону. Вось насамрэч — здзіўляе колькасць гандлёвых цэнраў, крамаў і крамак у краіне з дрэнна працуючай эканомікай і невысокай спажывецкай здольнасцю насельніцтва.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ