Час падводзіць вынікі



Восень – час падводзіць вынікі. Па чарзе агучваюцца намінанты Нобелеўскай прэміі…

Дайшлі да эканомікі. Што мы бачым? Прэмію далі за эксперыментальны падыход у барацьбе з глабальнай беднасцю. Лаўрэатамі сталі сужэнцы Абхіджыт Банэрджы і Эстэр Дзюфло з Масачусэтскага тэхналагічнага універсітэту і Майкл Кромер з Гарварда. Нобелеўскі камітэт палічыў, што іх падыход дазваляе разбіць праблему беднасці на больш дробныя кавалачкі… Кожны дясяты жыхар планеты знаходзіцца ў галечы. Гэта падрывае і здароўе асобна ўзятага чалавека, і здароўе нацыі ў шырокім сэнсе слова. Што можа дапамагчы? Жадаючых дапамагчы даволі многа – прафіцыт… Але філантропы, заможныя дзяржавы-донары і кіраўнікі бедных дзяржаваў, якія прымаюць дапамогу, не заўжды дзейнічаюць правільна і лагічна, у лепшым выпадку кіруюцца палітычнай мэтазгоднасцю. Што прапанавалі будучыя лаўрэаты? Кромер паехаў у Кенію і выявіў, што менавіта дае лепшую аддачу на адзін долар дапамогі. Ок, падыход неардынарны. Дзюфло і Банэрджы сталі развіваць тэму далей…

Безумоўна, шкадуеш людзей, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і бядуюць у галечы, але ёсць іншыя гісторыі. І яны дадаюць іншых эмоцый.

Так адна бедная жанчына з Віцебшчыны хацела набыць аўтамабіль як мага танней і без так званай “растаможкі”. Шукала, шукала – знайшла! Прывабны варыянт. У сацыяльных сетках, у тэматычнай групе… Пару месяцаў размаўляла пра машынку сваёй мары з патэнцыйным прадаўцом, думала, вырашала… І перавяла аванс на віртуальны рахунак прадаўца – 1300 рублёў (575 еўра). Замест абяцанай растэрміноўкі і прыгожага аўто прадавец прапаў. Разам з тэматычнай групай у сацыяльных сетках. Жанчына пайшла ў міліцыю, была заведзена крымінальная справа, але ўсё было б значна прасцей, каб пацярпелая не шукала лёгкіх шляхоў і скарыстоўвала сацыяльныя сеткі для іншых мэтаў. Кіно, кантакты, фота… Або навіны пра чарговага “Нобеля” пачытаць і падумаць… Над лёсам дзяржавы? Ды проста падумаць… У рэшце рэшт, занятак не самы пусты.   

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ