Ciao, Італія!



Быць вазочнікам у Беларусі – гэта апрыёры разлічваць на сябе і сваіх блізкіх у плане перамяшчэння ў прасторы (і вылазак за межы асабістай прасторы камфорту).

Безумоўна, і ў нас шмат што змянілася да лепшага за апошнія гадоў дзесяць: некаторыя маршруты сталі больш “прыязнымі” да чалавека ў інвалідным вазку. Многія тэатры, кавярні і крамы сталі дасяжнымі цалкам. У Менску адбыўся ўжо другі модны паказ для людзей з інваліднасцю – Tikota Inclusive. Жыццё на месцы не стаіць.

Нават цягнікі для вазочніка перасталі быць фантастыкай, але… У Італі ёсць такая фішка, як Sala Blu. І яна рэальна працуе. На любой чыгуначнай станцыі можна набыць квіток і за 24 гадзіны папярэдзіць, што ехаць будзе вазочнік, што яму патрэбная дапамога (“асістэнца” – важнае слова!) для пасадкі ў вагон. Важны момант – вагон павінен быць без прыступак.

Па вялікім рахунку, сесці ў прыстасаваны вагон са значком інваліднага вазка зусім не цяжка. Галоўнае, каб яго прычапілі да патрэбнага саставу… Зазвычай чапляюць апошнім. Пры тым цягнік вас яшчэ пачакае, спадарства! А на пероне сустрэнуць людзі з “асістэнцы” – суправаджэнне! Гэта спрацоўвае нават тады, калі ваш авіярэйс затрымліваецца на 40 хвілінаў. Праўда, спрацоўвае ў дарозе яшчэ адна фішачка – беларуская! – разлічвай на сябе!

І вось на зваротнай дарозе – з Агропалі ў Неапаль – ты набываеш квіточкі. І «асістэнцу» замаўляеш! І вагон чапляюць… Але ты забываешся, што ён апошні і сядаеш у “прыступачны” ў сярэдзіне саставу. З пэўнымі цяжкасцямі, так… Ці то Беларусь пазвала, ці то Італія адпускаць не хацела… Іронія лёсу? Пара дадому! Ciao, la dolce vita!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ