Давайце абыдземся без фанатызму?



Цёплае сонечнае надвор’е для беларусаў з іх хранічным дэфіцытам святла і пазітыву – найлепшая навіна апошняга часу. У астатнім поспеху мы не маем…

Возьмем хакей… Такіх не бяруць у вялікі хакей насуперак укінутым у гэты спорт немалым грашам. Ці рэнтабельна і надалей выкідаць бюджэтныя сродкі ў дадзенае нерэнтабельнае “прадпрыемства”? Тут хутчэй пытанне падабаецца/не падабаецца хакей камусьці там, зверху… Падабаецца. Гісторыя з беларускім хакеем тая ж, што і з беларускімі калгасамі.

Пойдзем далей… “Еўрабачанне” – наш даўні правальны праект. Беларусы выступаюць там нармалёва ў тым выпадку, калі дазваляюць выйсці на сцэну сваім і атрымаць задавальненне ад працэсу, выдаць нейкі мінімальны драйв… Калі ж мы бяром кагосьці дзеля чагосьці і забываемся пра сваіх цікавых артыстаў, то маем абышто і збоку банцік, як кажуць бабулі ў вёсцы. І ружы на спіне не дапамогуць трапіць у ноты. Шмат размоваў і зусім не пазітыўны прысмак пасля падзеі. Варта парадавацца за Ізраіль, прадстаўніца якога камусьці можа не падабацца з-за свайго знешняга выгляду ці музычнага стылю, але нельга не прызнаць яе аптымізм і яркую харызму!

І ўсё ж, калі сур’ёзна, то былі падзеі, што па ўзроўні свайго пазітыву супалі з цудоўным для нашых шэрых шырот надвор’ем. 12 траўня а 12-ай гадзіне на тэрыторыі мемарыяльнага музея-сядзібы Касцюшкі каля Косава на Берасцейшчыне адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку. Там сабраліся беларусы з розных “лагераў”. Сцягі таксама былі розныя… Але было і тое, што яднала многіх, тое, што дапамагло сабраць грошы талакой і сабрацца разам у Косаве.

Думаецца, беларусы могуць быць пазітыўнымі, калі ўкладваюцца ў вартыя, “рэнтабельныя праекты”. Іх многа. Грошы на помнік Касцюшку сабралі – распачаўся збор сродкаў на прэмію імя Васіля Быкава «За Свабоду Думкі». І яшчэ пару неардынарных, цікавых праектаў. Ёсць пра што падумаць – ёсць што выбраць…

 

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ