Дэфіцыт увагі і… павагі



Можна горача спрачацца з нагоды абсалютна розных рэчаў (безумоўна, важных!) і не заўважыць таго, што варта было б заўважыць… Так у Расеі цяпер разважаюць, чаму ўлады не скарысталі месяц форы і не падрыхтаваліся належным чынам да эпідэміі ковід-19.

Ці падрыхтаваліся беларусы – іншае пытанне, але павінны ж мы час ад часу пераключацца са сваіх няпростых пытанняў на адвечнае пытанне “Ці здохла карова ў суседа і што мы з гэтага можам мець?” Ды нічога! Дык вось, суседзі не скарысталі месяц форы па той простай прычыне, што былі занятыя захаваннем ўлады і абнуленнем срокаў галоўнакамандуючага. Балючае і знаёмае пытанне.

Што ў нас? Пакуль беларусы старанна спрачаюцца пра няпросты працэс змагання з каронавірусам і пастаноўку правільных дыягназаў хворым (канечне, гэта проста пнеўманіі – якая можа быць паніка?!), а таксама – пра парад, які ўлады вырашылі правесці на зло пандэміі, сябрам, ворагам і суседзям… Вось у гэты час адбылася падзея, на якую не звяртаюць належнай увагі. На Беларускую АЭС завезлі ядзернае паліва. Па словах міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, пуск першага энергаблока БелАЭС запланаваны на ліпень 2020 года, а энергію ён пачне даваць у верасні-кастрычніку.

Вось так і жывем… І па вялікім рахунку, мала што ад нас залежыць. Варта адзін раз памыліцца – і цяжка потым выйсці на правільную сцяжыну! Дык а што там з парадам? І хто плануе цудоўна правесці травеньскі суботні дзень, махаючы сцяжкамі і вітаючы танкі, трактары і ўсё, што паедзе па праспекце? Студэнты, якім патрэбен інтэрнат… Выкладчыкі, якім патрэбна праца… Спартоўцам? Вайскоўцам? Ветэранам?… Аматару парада. Аматарам парада. Тым, хто нічога не вырашае і вырашаць не хоча. Таму, хто вырашыў за ўсіх.

Астатнім – на хутар, у вёску! Садзіць гарод і чытаць кнігі. Шляхетныя забавы для тых, хто думаць не развучыўся, але мышачную масу пакуль не нарасціў…

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ