Дрэвы і людзі



Закатаць у асфальт – гэта лозунг нашага часу? Па ўсім відаць – так! І нават дрэвы трапілі пад гарачую руку тых, хто не думае, а адразу бярэ пад казырок. Не пад гарачую руку – пад гарачы асфальт!

У горадзе Лёзна на Віцебшчыне ліпы па вуліцы Леніна, побач з раённым шпіталем, проста заасфальтавалі. Вуліца Леніна ёсць амаль у кожным беларускім населеным пункце, але заасфальтаваць дрэвы – гэта ўжо ноў-хаў Лёзна! Мясцовыя камунальнікі могуць сабой ганарыцца – іх заўважылі! Нават кіраўніца Лёзненскага раённага савета дэпутатаў абурылася і паабяцала выправіць сітуацыю: асфальт на прыствольных кругах выражуць і падсыплюць зямлі. Пабачым, што атрымаецца!

Лёзна ўвогуле знакавае – месца, там здараюцца цікавыя гісторыі, якія хутка робяцца папулярнымі. Вось дрэваў шкада: пры такіх падыходах да ландшафтнага дызайну ліпы хутка памруць. Пэўна, хтосьці з мясцовага начальства мае алергію менавіта на гэтыя дрэвы, бо як яшчэ можна растлумачыць такое нерацыянальнае расходаванне дарожнага пакрыцця? Няўжо ў Лёзна не хапае вулачак, дзе наспеў ямачны рамонт? І ходнікі паўсюль цудоўныя? То шыкоўна жывеце, таварышы і спадарства!

Раённая ўлада “аператыўна” адрэагавала на заўвагі журналістаў і паабяцала, што рабочыя бензапіламі выражуць тыя самыя прыствольныя кругі. Мінус пару рабочых дзён? Не пытанне! А на пытанне журналісткі “Што вы робіце?!” (у працэсе заліўкі ліпаў гарачым асфальтам!) тыя ж рабочыя сказалі, што іх задача рабіць, а не думаць. Дарэчы, знаёмая карціна любога дарожнага рамонту – тузін мужыкоў у аранжавых камізэльках, пару – у піджаках. І ніхто не думае!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ