Дзе нашы грошы?



Задажджыла. Схаладала. Восень ставіць перад намі старыя пытанні, ускладненыя новымі абставінамі. Другая хваля кавіду – як будзем змагацца з ёй?

Грошай у бюджэце мала. Многія валанцёры, якія збіралі грошы і дапамагалі медыкам, былі затрыманыя, збітыя або з’ехалі за мяжу. Часта – тры ў адным. Медыкі працуюць ва ўмовах, ускладненых рэпрэсіямі. Такі сабе непрыемны “бонус”, быццам ускладненне і без таго цяжкой хваробы.

Яно і насамрэч: папулярную пляцоўку па зборы сродкаў для розных грамадскіх ініцыятываў знішчылі, яе заснавальніка запхнулі ў турму. Лідара іншай платформы па зборы сродкаў для медыкаў выціснулі з краіны. Дзяржава робіць вінаватымі ў росце захворвальнасці на кавід людзей, якія ходзяць на шматтысячныя дэманстрацыі. Ігнаруючы той просты факт, што збольшага менавіта гэтыя людзі – актыўныя і неабыякавыя – змагаліся супраць кавіду вясной. Збіралі грошы на ахоўныя сродкі, развозілі гарачыя абеды медыкам і сталым людзям – тым, хто ў зоне найбольшай рызыкі. Удзячнасць? Не чулі. Незнаёмае слова ў лексіконе чыноўнікаў.

Дзяржава робіць вінаватымі ў росце захворвальнасці на кавід людзей, якія ходзяць на шматтысячныя дэманстрацыі, патрабуючы ад тых самых людзей не насіць маскі. Тым часам даўно даказана: мая маска абараняе цябе – твая маска абараняе мяне. Логіка? Тых, хто зверху пільна сочыць за ўсімі, хто вырашыў людзьмі і грамадзянамі звацца, не турбуе іх здароўе. І не турбуе здароўе ахоўнікаў правапарадку. Расходны матэрыял – нічога больш.   

Пара ўжо і ад дзяржавы запатрабаваць – забяспечыць маскамі, антысэптыкамі і сродкамі абароны ўсіх грамадзянаў, а не толькі тых, хто на службе. Не АМАП, ціхары і вадамёты ў прыярытэце ў падаткаплацельшчыкаў. Варта згадаць пра тых, хто аплочвае ўвесь гэты банкет… Яшчэ важней, каб яны самі помнілі. Мы павінны помніць. Дзе нашы грошы?

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ