Дзень псіхічнага здароўя



10 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень псіхічнага здароўя… Гучыць абагулена.

У сувязі з апошнімі падзеямі ў адным са сталічных гандлёвых цэнтраў, калі малады хлопец з прычыны нематываванай злосці забіў адну жанчыну бензапілой і параніў дзвюх іншых, дата набывае не тэарэтычны, а цалкам практычны змест. Паказвае, што думкі некаторых людзей могуць рэалізоўвацца на практыцы ў такіх жахлівых учынках.

У святле вышэй пазначаных падзей зусім па-іншаму праглядаеш крымінальную хроніку…

Партал Tut.by яшчэ напрыканцы верасня распавядаў пра статыстыку заведама ілжывых паведамленняў пра небяспеку. З пачатку бягучага 2016 года ў Менску зарэгістравана 23 “тэматычныя” злачынствы. Размова ідзе ў асноўным пра ілжывае замінаванне. Часцей за ўсё тэлефануюць мужчыны і кажуць, што хтосьці дзесьці чамусьці выбухоўку заклаў. Зазвычай гэта людзі ў стане алкагольнага ап’янення або – радзей – людзі з парушэннем ці растройствам псіхікі.

Па ўсёй Беларусі з пачатку года было зафіксавана 45 падобных злачынстваў. Безумоўна, гэта стамляе адпаведныя органы, перашкаджае спакойнаму ладу жыцця мясцовых жыхароў і вымагае неапраўданых фінансавых затрат, але сёння цудоўна разумееш: усё добра, што добра заканчваецца. Добра, калі хворыя фантазіі некаторых людзей застаюцца проста іх змрочнымі фантазіямі.

Сіноптыкі абяцаюць на бліжэйшы час халоднае, дажджлівае і некамфортнае надвор’е. Шэра і непрытульна за вокнамі. Беражыце сябе ды сваіх блізкіх – заўтра будзе новы дзень. І ўсё будзе добра. У прыватнасці, нельга выключаць магчымасць пазітыўнага сцэнару развіцця далейшых падзей. Запальвайце ўнутраныя лямпачкі і даставайце яркія пледы.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ