Дзяды



Восенню абвастраецца беларуская нацыянальная хвароба – агульная млявасць і абыякавасць да жыцця… Але падчас такія навіны сустракаюцца, што спакойнае стаўленне да жыцця спакойнага чалавека пераходзіць у абурэнне.

Хтосьці з беларусаў апошнім часам думаў пра Хэлоўін, хтосьці – пра Дзяды. Між тым у Менску адбылася падзея, падобная на баль пачварак з нейкага фантастычна-камуністычнага опуса. Прайшоў “XXXV з’езд Саюзу камуністычных партыяў — Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу (СКП-КПСС)”. Складаная абрэвіятура – не адразу і вымавіш! І гэта не казачка – самая што ні ёсць проза жыцця. Нездарма ж адкрыўся новы будынак Дзяржаўнага музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – знайшлося месца для такога “карпаратыва”. Сумна, але факт.

Усё афіцыйна: лідар беларускіх камуністаў зачытаў дэлегатам вітанне ад кіраўніка Беларусі. Партыя неіснуючай дзяржавы правяла свой з’езд на тэрыторыі дзяржавы цалкам рэальнай і месцамі – паспяховай. Пакуль – існуючай. Чырвоныя гваздзікі, абдымкі-пацалункі немаладых людзей, што ніяк не могуць забыць баявую маладосць і лозунгі ў стылі 1917-га. «За новы саюз брацкіх народаў».

Правільным шляхам ідзяце, таварышы! Што тут яшчэ скажаш?

Узрост вырашае далёка не ўсё. І чалавек можа мысліць сучасна нават у паважных гадах. Займацца справай, рухацца наперад, а не паразітаваць на рэштках былой імперыі. Шкада нашых дзядоў. Шкада тых, хто з намі. І тых, хто сышоў раней часу, а гэтыя – быццам жывыя – сядзяць у прэзідыумах ды бяруць чарку “за светлую будучыню”… Чыю – пытанне. Зрэшты, можна адкапаць сваё пачуццё гумару і не ставіцца сур’ёзна да апошніх акордаў камуністычнага маразму. Жыццё ідзе далей…

І ёсць тое аптымістычнае меркаванне, што апошні з’езд КПСС прайшоў, там, дзе і першы. У Менску, толькі ў 21 стагоддзі. Круг завершаны. Усё лагічна.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ