Фішкі прамінулага тыдня



Лета-2017 ў Беларусі не затрымліваецца надоўга – дзень-два цеплыні ў лепшым выпадку! Затое культурніцкае жыццё дыяспары ды метраполіі віруе – тут табе і “Басовішча”, і “Славянскі базар”, і VII З’езд беларусаў свету… Гарачая навіновая палітра!

Пакуль не цікавішся навінамі культуры больш сур’ёзна, падаецца, што ў беларускіх шэрых шыротах зусім нічога не адбываецца, а насамрэч адбываецца вельмі шмат цікавых падзей. Безумоўна, усе яны ствараюцца не менш цікавымі людзьмі, якія прыцягваюць даволі сур’ёзныя чалавечыя і фінансавыя рэсурсы. 

У Верхнім горадзе сталіцы распачаўся праект «Open Аir CINEMA»…  Задумка простая – у летні час па выхадных перанесці прагляд фільмаў розных жанраў пад адкрытае неба.

У Пінску адродзяць фестываль мастацтваў „Зоры над Пінай”, які быў візітнай карткай горада тры дзесяцігоддзі з 1964 года… Гарвыканкам выступіў з ініцыятывай адрадзіць свята ў год 920-годдзя першай летапіснай згадкі Пінска.

У Гомелі 30 ліпеня пройдзе фэст вулічнай ежы… Кухары вядомых рэстарацый і кавярняў горада прыгатуюць усе стравы на вачах гараджан і гасцей абласнога цэнтра. Арт-маркет парадуе рамеснымі вырабамі, а дыджэі прэзентуюць свае музычныя сэты.

Яшчэ адной цікавай навіной прамінулага тыдня можна лічыць выдзяленне сродкаў на захаванне вежы Крэўскага замка ў рамках фінансавання творчых праектаў з фонду кіраўніка дзяржавы па падтрымцы культуры і мастацтва. На “творчыя праекты” маем 369 834 рублёў або 164 тысячы еўра. Не будзем параўноваць гэтыя грошы з іншымі, выдзеленымі на іншыя, менш творчыя праекты. Бліжэй да восені падлічым!  

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ