Грашовыя пытанні



Спёка на нейкі час сышла з Беларусі… Напэўна, прырода дала нам шанец і магчымасць прааналізаваць некаторыя падзеі апошніх дзён у больш спакойным рэжыме.

Адна з гучных “тэмаў” апошняга часу – дэнамінацыя. Новыя грошы, падобныя па дызайне на еўравалюту, прыйшлі (ці прыйдуць неўзабаве!) у хату кожнага беларуса. Адкідаць па чатыры нулі няпроста нават у маладым узросце! Што казаць пра людзей пажылых? Атрымаюць пенсію ў новых грашах і пакуль да іх прывыкнуць…

Бедныя нашы бабулі і дзядулі перажылі не адну грашовую рэформу за свой век, але цяпер арыентавацца ў фінансах ім цяжэй, чымсьці ў часы савецкіх рэформаў ці з’яўлення першых незалежных “зайчыкаў”.

Махляры, між тым, актыўнічаюць і па-ранейшаму аддаюць перавагу цвёрдай валюце. Вось і ў Камянецкім раёне такія таварышкі вады папрасілі. Як не даць у гарачыню напіцца?  83-гадовая гаспадыня вады дала, а засмяглыя кабеты перад ёй свой тавар на продаж разгарнулі – хусткі, ручнікі, пледы. Адцягнулі ўвагу ад сваіх намераў.

Адна з махлярак зайшла ў суседні пакой, дзе ў шафе з пасцельнай бялізнай адшукала валюту і скрала яе. Прапажу гаспадыня дома заўважыла толькі на наступны дзень пасля незапланаванага візіту. Вяскоўцы згадалі, што бачылі напярэдадні здарэння цёмны аўтамабіль з рэгістрацыйнымі нумарамі Гомельскай вобласці.

Асобы махлярак цяпер устанаўліваюцца. Іх шукае міліцыя. Магчыма, знойдзе. Ці знойдуцца долары – пытанне.  Па звестках Камянецкага РАУС, гэта першы падобны выпадак у раёне з пачатку 2016 года. Пенсіянерка з вёскі Ходасы страціла 11 тысяч долараў і наўрад ці яе суцешыць такое “першынства”.

У параўнанні з беларускімі банкамі слоікі, можа, і больш надзейнае месца, але ж не шафа, спадарства! Паразмаўляйце пра гэта са сваімі бабулямі. І пра дэнамінацыю – таксама.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ