Грашовыя пытанні



Значная частка беларускіх сямей незадаволена сваім матэрыяльным становішчам і скардзіцца на змяншэнне сваіх прыбыткаў, а менавіта – 1,3 мільёны сямей па звестках Белстата. Асноўныя прычыны незадаволенасці – інфляцыя і змяншэнне заробкаў.

І ўсё ж заўжды знаходзяцца махляры, здольныя зарабіць (зрабіць?) капітал у часы інфляцый, дэнамінацый ды іншых эканамічных пертурбацый.

У махляроў у сувязі з будучай нашай дэнамінацыяй з’явілася новая фішка: наведваць пенсіянераў ды размаўляць з імі пра гэта. Да прыкладу, завітваюць да вясковых бабуляў, прадстаўляюцца сацыяльнымі работнікамі ды прапаноўваюць і без таго разхваляваным жанчынкам перапісаць нумары старых купюраў. Маўляў, каб потым карэктна правесці абмен. Аддае пенсіянерка мільён беларускіх рублёў “сацыяльнай работніцы”… Нумары на грашовых знаках перапісаць! Атрымлівае назад ужо не мільён, а 600 тысяч (у лепшым выпадку). Або яшчэ лепш! Завітваюць такія авантурысткі да пажылых людзей, а тыя аддаюць ім аж 16 мільёнаў беларускіх рублёў… размяняць на новыя.

Пакуль праваахоўнікі аператыўна рэагуюць і знаходзяць такіх злачынцаў, але ж Нацбанк нездарма нагадвае беларусам: ніякага размену старых грошай на новыя да ліпеня 2016 года не прадугледжана… І варта паразмаўляць з пажылымі родзічамі ды абмеркаваць з імі вышэй пазначаныя гісторыі, каб не псаваць нервы з-за грошай, якіх большасці беларусаў і так традыцыйна не хапае.

Традыцыі ўвогуле няпростая рэч… З-за правінцыйнай традыцыі адна кітаянка страціла сямейную “заначку”, традыцыйна схаваную пад падлогай. Юані адсырэлі і пагнілі. У пераліку на больш цвёрдую валюту страты сям’і з правінцыі Цзянсу склалі больш 15 тысяч долараў ЗША. Людзі збіралі грошы на жаніцьбу сына… І перад вяселлем атрымалі моцны стрэс… Мясцовы банк паабяцаў дапамагчы хоць часткова кампенсаваць страты.

Лістапад. Пятніца 13-га. Жыццё працягваецца. Грошай не хапае. Знаёмая гісторыя…

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ