Каму на Беларусі жыць добра?



Каму на Беларусі жыць добра? Традыцыйна прынята лічыць, што каму заўгодна, але не самім беларусам. І практыка жыцця часта гэта пацвярджае…

Таму і атрымліваюць многія суайчыннікі або карту паляка, або расейскі від на жыхарства. Ці то візавая палёгка, ці то расейская пенсія: па ўзросце ці па інваліднасці, напрыклад, — робяць жыццё ў нашых шыротах весялейшым. Падзарабіць беларускаму пенсіянеру ў крызіс не заўжды магчыма, а пражыць на адну беларускую пенсію зусім не выгадна… Калі вы не дэпутат ці салідны чыноўнік на пенсіі, безумоўна!

І ўсё ж у найбольш спрыяльным становішчы будуць амерыканскія пенсіянеры… Калі яны рызыкнуць прыехаць да нас. Амерыканскі партал «GoBankingRates» надрукаваў спіс з 50 краінаў, куды было б выгодна пераехаць жыхарам Штатаў у мэтах эканоміі. Тым, хто жадае скараціць выдаткі на ежу ці харчаванне. Ці амерыканскім пенсіянерам, каб расцягнуць пенсійныя назапашванні.

Па разліках «GoBankingRates» пакупніцкая здольнасць сярэднестатыстычнага беларускага спажыўца на 59, 9 % ніжэйшая, чымсьці ў жыхара Нью-Йорка. Арэнда жытла ў Менску на 85, 1 % танней, чымсьці там, за акіянам. Беларускія кошты на прадукты ды паслугі на 59, 5 таннейшыя, чымсьці ў Нью-Йорку… Карацей, давайце ўсе ў Беларусь, панове! Інвестыцыі нам патрэбны… Да таго ж міжнародная праваабарончая арганізацыя «Freedom House» падвысіла дэмакратычны рэйтынг нашай краіны!

Проста суцэльны вясновы пазітыў… Вось-вось зажывем!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ