BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кантрабанда цыгарэт з Беларусі ў Польшчу павялічылася на 1000%

Кантрабанда цыгарэт з Беларусі ў Польшчу летась павялічылася на 1000% ці ў 12 разоў — з 500 тысяч даляраў да шасці мільёнаў даляраў. Калі ў 2022 годзе аб’ём кантрабанды ўпаў, то пасля непрацяглага застою “асноўны экспартны тавар рэжыму Лукашэнкі зноў на вышыні”, піша Rzeczpospolita.

Польскія памежнікі знаходзяць кантрабанду ў грузавіках, грузавых цягніках сярод драўніны, вугалю, солі ды ў іншых месцах. Цыгарэты знаходзяць не толькі ва ўласна беларускіх цягніках, але і ў тых, якія ідуць праз Беларусь транзітам (напрыклад, з Казахстана).

Выданне адзначае, што праз мяжу ў Польшчу цыгарэты нелегальна амаль не перапраўляюць. Прычына простая — кантрабандай займаюцца арганізаваныя злачынныя групоўкі, якія арыентаваныя на аптовыя аб’ёмы, якія можна пераправіць толькі грузавіком ці цягніком. Да кантрабанды падштурхоўвае вялікая розніца ў кошце цыгарэт у Беларусі і Польшчы.

Каля 35% беларускіх беспрацоўных — асобы ва ўзросце да 30 гадоў

Узровень беспрацоўя сярод беларусаў ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў складае 6,3%. Пра гэта піша рэсурс banki24.by са спасылкай на вынікі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, праведзенага ў Беларусі. У агульнай колькасці беспрацоўных моладзь складае больш за траціну. Летась у апошнім квартале статус беспрацоўных мелі амаль 61 тысяча чалавек ва ўзросце да 30 гадоў.

Характэрна, што сярод людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту ўзровень беспрацоўя ў разы ніжэйшы. Ён складае 3,9%. Амаль кожны чацвёрты беларус ва ўзросце 60 гадоў і больш працягвае працаваць.

Слонімскую сінагогу ўсё ж прадалі, з чацвёртага разу

Слонімская сінагога XVII стагоддзя з чацвёртага разу знайшла пакупніка. На аўкцыёне за яе заплацілі 42 рублі. Новым уладальнікам пабудаванай у 1642 годзе сінагогі стаў грамадзянін Расеі, чыё імя не раскрываецца. Акрамя гістарычнага будынка, ён атрымаў у арэнду на 50 гадоў участак зямлі.

Па ўмовах здзелкі пакупніку трэба на працягу двух гадоў прадаставіць праект аднаўлення або капітальнага рамонту будынка, сабраўшы ўсе неабходныя экспертызы і дазволы. Ад яго патрабуецца аднавіць помнік архітэктуры на працягу пяці гадоў, захаваўшы яго стылістычныя і канструктыўныя асаблівасці.

Слонімская сінагога лічыцца адной з самых старых у Беларусі. Яе спрабавалі прадаць з леташняй вясны. Як піша Office Life, за гэты час кошт сінагогі ўпаў у тры тысячы разоў.

Старшыня Еўракамісіі выказалася аб пратэстах фермераў у Польшчы

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен падчас прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам згадала пратэст фермераў. Яна агульна вельмі добра выказалася пра еўрапейскіх фермераў, дзякуючы якім “мы маем лепшую ежу ў свеце”. Аднак дадала, што ведае, што сектар змагаецца з шэрагам праблем. Фон дэр Ляен запэўніла, што Брусель прыслухоўваецца да іх праблем.

— Еўропа ўжо падтрымлівае польскіх фермераў, прапаноўваючы 22 мільярды еўра праз супольную сельскагаспадарчую палітыку. Больш сродкаў чакае ў будучыні – першая выплата ў межах наступнага траншу складае 1,4 мільярда еўра, якія будуць даступныя непасрэдна польскім фермерам, каб дапамагчы ім развіваць вытворчасць і выходзіць на новыя рынкі, – сказала старшыня Еўракамісіі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: vsat.lrv.lt.