Кароўнік у курортнай зоне?



“Эколагі раяць падумаць над пляцоўкай…” – папулярны выраз! Часцей праект распрацоўваецца без уліку меркавання эколагаў ды падаткаплацельшчыкаў. На жаль.

Ці патрэбна нам АЭС, у прыватнасці АЭС у Астраўцы? Пытанне вырашана. “Падумалі”.

Ці будаваць нам два свінакомплексы на 100 тысяч галоў? Адзін аставім! На шчасце, не за тры кіламетры ад цудоўнага горада Маладэчна. Падпсуем паветра ў іншай мясцовасці.

Ці размясціць нам  у Нарачанскім краі… Новы санаторый? Турбазу? Не! Даволі буйную ферму на 1800 каровак. Новае злабадзённае пытанне ўздымае “Рэгіянальная газета”. І хутчэй за ўсё, чыноўнікі ў цеснай звязцы з зацікаўленым мясцовым бізнесам даўно ўжо ўсё вырашылі. Мясцовыя ж жыхары маўчаць.

Замоўца фермы ў курортнай зоне – таварыства “Нарацкая Ніва 2004”. Таварышы цвярджаюць, што праект бяспечны і ў ім скарыстаны галандскія тэхналогіі. І пляцоўка, маўляў, для яго выбрана аптымальная. Лепшы варыянт з чатырох.

Эколагі не згодны з зацікаўленым бізнесам. Ферму плануюць размясціць паміж вёскамі Нарач (былы Кабыльнік) і Швакшты. Да возера Нарач – каля шасці-сямі кіламетраў. Праблема ў тым, што будаваць кароўнік плануюць на сетцы вадасцёкаў: чатыры меліярацыйныя каналы спалучаюцца з ракой Малінаўка. Рака ж, у сваю чаргу, звязваецца праз сістэму вадасцёкаў з азёрамі Свір і Нарач. Самыя сучасныя ачышчальныя збудаванні не гарантуюць бяспеку “беларускаму мору” ў выпадку аварыі.

І ўсё гэта дрэнна спалучаецца з развіццём турызму ў рэгіёне. Ізноўку мы не можам правільна пазначыць прыярытэты? Распужаем самых смелых турыстаў-авантурыстаў.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ