Хата ў вёсцы



Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшла Ілля – апалі два… Так кажуць старэйшыя людзі ў нас на Смаргоншчыне… Пэўна, не толькі тут! Апошні месяц лета, жнівень – шанец дарабіць распачатыя справы, шанец нешта паспець, а справаў у вёсцы шмат…

Вось хату ці плот пафарбаваць – адказнае мерапрыемства! Гарадскія пра гэта не задумваюцца, а людзі вясковыя – вельмі нават! Любая бабця ў заходняй Беларусі (мо, і ва ўсходняй – проста ў кожнага свой досвед, пра які можна распавесці!) проста справай гонару лічыць дагледжаны гарод, кветнікі ля хаты і плот… Прыгожа пафарбаваны плот ля прыгожа пафарбаванай хаты.

Што заўважаеш? Час ідзе, многія знаёмыя бабулі дэлегіравалі частку сваіх паўнамоцтваў дзецям і ўнукам, моладзі, гаспадарку ўжо не трымаюць, але дагледжаная сядзіба – справа прынцыповая! Іншая рэч – самотны пажылы чалавек, які жыве ў вёсцы адзін. І сам неяк дае рады сваёй “гаспадарцы”. І ўжо калі дацягнуў такі чалавек да зусім паважнага юбілейнага ўзросту, то прывітаць яго ў гэты дзень зойдуць і старшыня сельскага савету, і начальства з раёну, і ўсё паважанае мясцовае спадарства-гаспадарства… І прыгожыя словы будуць, і кветкі, і падарункі… А потым – урачысты фотарэпартаж-справаздача ў раённай газеце!

Вось толькі пасля такіх юбілейных рэпартажаў робіцца трохі сумна. Па многіх прычынах. Бо жыццё чалавечае ідзе вельмі хутка… Бо замест прыгожых словаў ад мясцовага начальства і падарункаў у прыгожых абгортках бабулі са спрацаванымі рукамі (у прыгожай хустачцы, апранутай да свята!) прыдалося б лепей іншае – пару бляшанак фарбы і дапамога ад маладзейшых! Хату пафарбаваць ці плот. А мо, і тое, і тое. Работы ў вёсцы заўжды шмат. Праўда, моцы яе адужаць з гадамі ў знаёмых бабуляў і дзядуляў усё меней і меней… І лепш бы “дэсант”, які прыйдзе з чырвонай скрыначкай у перадвыбарчы тыдзень, завітаў бы да пажылых вяскоўцаў з іншай, больш пазітыўнай і практычнай мэтай. З іншага боку, адно другому не перашкаджае. Абы ў толк!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ