Хто шукае, той знойдзе



Ужо другі чэрвеньскі ўік-энд кагосьці радуе, а кагосьці засмучае на дзіва высокімі тэмпературамі… Аказваецца, чэрвень і спёка цудоўна спалучаюцца! Як спалучаецца Міжнародны дзень сяброў і Міжнародны дзень акрэдытацыі? Дзве гэтыя даты пазначаны ў календары 9 чэрвеня. У беларускім фармаце яны спалучаюцца проста шыкоўна!

Атрымаць акрэдытацыю журналісту недзяржаўных СМІ даволі праблематычна… У пэўных абставінах сябры могуць дапамагчы, калі пэўны “аб’ект” робіцца недасяжным… Чаму не? У сеціва трапіў незвычайны дакумент – алгарытм для дзеянняў дзяржаўных служачых пры з’яўленні на тэрыторыі іх прадпрыемства – божачкі, які жах! – журналістаў з “Белсата”… Або журналістаў з БАЖу… Або такога дзіўнага “звера”, як журналіст-фрылансер. Выснова адна – не дапусціць на тэрыторыю і тэлефанаваць начальству адразу ж! Бо так жа яно надзейней – не пушчаць і паведаміць вышэй… Кабы чего не вышло.

Тым часам у суседзяў у дзень юбілею класіка ўсяе літаратуры рускай Пушкіна Аляксандра Сяргеевіча (220 год – гэта вам не жартачкі!) здарылася тыповае затрыманне журналіста. Вядомага журналіста-расследвальніка Івана Галунова затрымалі днём каля метро і “знайшлі” ў заплечніку наркотыкі, а потым дома – пры вобшуку – яшчэ адзін пакуначак… Какаін. Хто шукае, той знойдзе, праўда ж? Галоўнае – ведаць што, дзе ў каго ляжыць. І гаспадара прыхапіць можна за кампанію. Потым даць яму кухталёў і сказаць, што так і было… Не навіна ў нашых шыротах. Выстаўлена абвінавачванне ў спробе продажу наркотыкаў.

Тут іншае здзіўляе. Сябры. Калегі. Салідарнасць… І вось маем хатні арышт замест больш сур’ёзных рэчаў, якія маглі б здарыцца. Яшчэ невядома, што будзе заўтра (ад 10 да 15 як варыянт…), але ўжо сёння вядома: нельга вось проста так затрымаць журналіста, які піша для «Медузы» пра дзяржаўныя закупы наркаты ў маскоўскай мэрыі, робіць шэраг гучных расследаванняў і… Спадзявацца на маўчанне. Не, чакаць тут можна толькі пікетаў на Пятроўцы і гучных зваротаў у сеціве ад вядомых людзей.

У асноўным гэта журналісты-фрылансеры, канечне… Познера і Шаўчука тут прамінуць нельга… Так што з акрэдытацыяй журналістыка не заўжды спалучаецца, а вось з таварышамі па працы – вельмі нават… Нармалёвая журналістыка ў любой краіне свету.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ