Культпрасвет



Штогод кожную другую нядзелю кастрычніка работнікі культуры Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята… Вітаем, віншуем, жадаем!

Бадай, лепшым падарункам усім працаўнікам айчыннай культуры было б падвышэнне заробку і паляпшэнне матэрыяльнага становішча, але ўсё гэта з серыі “Марыць не шкодна”, а насамрэч ад бедных культработнікаў патрабуюць зашмат і даюць замала. У прыватнасці, яны абавязаны зарабляць грошы ў бюджэт шляхам правядзення усемагчымых мерапрыемстваў – ад “Купалля” ды навагодніх агеньчыкаў. Заробленыя грошы ідуць не на патрэбы таго ж мясцовага Дома культуры, а кудысьці вышэй і далей. Таму любые перамены да лепшага, набыццё неабходнага рэквізіту і рамонт – усё гэта можа прыйсці “ўніз” адно па добрай волі начальства. Любую капейчыну трэба прасіць і чакаць. Настрою і ўпэўненасці простым культработнікам такі стан рэчаў не дадае… І асаблівай павагі да культуры ў грамадстве не выклікае. Тым часам для многіх людзей, асабліва ў вёсцы, Дом культуры застаецца творчым асяродкам. Тут і танцы, і спевы, і народны тэатр… Дзе сабрацца жанчынам-пенсіянеркам восеньскімі і зімовымі вечарамі, як не ў вясковым клубе? Нашу “культурную” сітуацыю можна параўнаць з суседняй Польшчай. Надарыўся там днямі “Нобель” па літаратуры. І вось ужо жыхары Уроцлава (а гэта горад, дзе жыве пісьменніца Вольга Такарчук!) тыдзень могуць ездзіць бясплатна ў грамадскім транспарце, маючы ў руках кнігу нобелеўскай лаўрэаткі. Такое рашэнне прыняў мэр Уроцлава. Аператыўна! Цікава! Дробязь? Так! Важная дробязь, што паказвае павагу да культуры і заахвочвае кожнага “простага чалавека” ведаць трохі болей, чым яму трэба. Жыць трохі цікавей. Дадаць трохі фарбаў восені.

Дарэчы, сіноптыкі пацяпленне абяцаюць – падарунак усім нам, культурным і не вельмі, грамадзянам і асобам з відам на жыхарства…

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ