Культурная афіша



Жыццё па-за межамі вялікіх гарадоў падчас падаецца сумным і нецікавым, але насамрэч яно бурліць, асабліва летам – галоўнае своечасова адсочваць культурніцкую афішу!

Русалак і вадзянікаў можна будзе сустрэць 12 жніўня на Вялейскім вадасховішчы – тут пройдзе „Юшка-фэст”. Праводзіцца фэст у рамках праекта Еўразвяза „Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Грошы на яго правядзенне выдзелены немалыя – каля 26 тысяч даляраў. Ініцыятарамі мерапрыемства сталі грамадскае аб’яднанне „ЗОВіК” і Крывасельскі сельвыканкам, і яны лічаць, што „Юшка-фэст” збярэ актывістаў і раскрые патэнцыял Вялейскага вадасховішча. Запланавана стварэнне дзіцячых пляцовак, альтанак, упарадкаванне берага вадасховішча і цікавая святочная праграма. Фэст можа стаць штогадовым…

У Залессі на Смаргоншчыне ўжо традыцыйны фестываль-кірмаш “Залессе запрашае сяброў!” адменены па прычыне недахопу фінансавых сродкаў ды свежых ідэй, затое 19 жніўня можна будзе завітаць у музей-сядзібу М.К. Агінскага на сустрэчу з пісьменнікам Уладзімірам Арловым і мастаком Паўлам Татарнікавым – аўтарамі ўжо знакамітай кнігі “Айчына”… І адразу ж пасля яе скіравацца ў Крэва. 19 жнiўня 2017 года старажытны Крэўскі замак запрашае ўсіх жадаючых на свята “Пад знакам Лялівы” і керамічны фэст “Кераміка Крэва”. Фэст ладзіцца ўжо не першы раз і займеў шмат прыхільнікаў – тут вам і рыцарскія забавы, і народная музыка, і дзіцячыя гульні, і смачныя стравы, і майстры-рамеснікі са сваімі шыкоўнымі вырабамі.

Дарэчы, сёлета ў Крэве археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам Алега Дзярновіча знайшла рэшткі старажытнага паселішча. Гістарычны помнік Х стагоддзя літаральна размясціўся за гародамі сучасных крэўскіх жыхароў, піша “Рэгіянальная газета”.

Жнівень хутка прамільгне, а там 16 верасня падыдзе, калі ў Смаргоні адбудзецца 1 рэгіянальны фестываль-кірмаш “Смаргонскія абаранкі”. Абаранкі – напаўзабыты брэнд горада. Паглядзім, ці атрымаецца яго аднавіць!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ