Купіць зямлю, прыдбаць свой кут!



У свеце апошніх беларускіх навінаў і заканадаўчых цікавостак ясна а­­дно: установы, што не вырашаюць прынцыпова важных рэчаў, усё роўна будуць завалены ўсемагчымымі “важнымі” паперамі. І ў вёсцы, і ў горадзе.

Вёска – асобная тэма… І сельскім саветам заўжды праца знойдзецца! Хто сказаў, што яны нічога не вырашаюць? Не вырашаюць… Але ж задачу маніторынгу заняткаў і нораваў мясцовага насельніцтва ніхто не адмяняў. Як і ўсялякае іншае добраўпарадкаванне.

У сувязі з новым дэкрэтам пра “дармаедаў” і “трутняў” працы пасялковым саветам будзе яшчэ больш! Бо ёсць у дэкрэце адзін вельмі важны нюанс, што літаральна “піярыць” вёску як месца на карце Беларусі. Чакаем бум аматараў вясковай прапіскі і фанаў працы на зямлі! Свежае паветра, зялёная травічка, сад-агарод… Класіка, праўда ж?

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца пут,

І там зажыць сабе нанова:

Свая зямля — вось што аснова!

Усё проста насамрэч – у вёсцы супярэчлівы дэкрэт не дзейнічае! А дакладней…

Жывеш у сельскай мясцовасці і не можаш знайсці належнай працы? Якая яна – належная? Можаш не хвалявацца – ты вольны ад падатку з-за адсутнасці свайго сталага працоўнага месца ці то за кампутарам, ці то за стырном аўто, ці то ад веніка ў руках! Маеш гарод? А хто ж не мае яго ў вёсцы? Можаш быць вызвалены ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Галоўнае – рэгістрацыя  ў сельскім населеным пункце ці пасёлку гарадскога тыпу. І вядзенне асабістай гаспадаркі.

Факт і перыяд вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі грамадзянінам, якому (членам сям’і якога) для гэтых мэтаў прадастаўлены зямельны ўчастак, павінны быць пацверджаны сельскім (пасялковым) выканаўчым і распарадчым органам.

Усе ў вёску! А хто яшчэ кароўку трымаць будзе, таму дзяржава прыплочваць павінна. У цвёрдай валюце. Карова ў вёсцы – знікаючы від. Толькі вось… Чакай, бабка, Юр’еў дзень – сыр з’ясі! У чарговы раз застаецца прыгадаць байку пра дзвюх жабак ў смятане…

А так хочацца быць чалавекам. Пажадана – у гэтай краіне.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ