Маскі. Або гульні, у якія гуляюць людзі



У нашых шыротах любяць гуляць у шахматы не па правілах: адзін з партнёраў сядзіць з завязанымі рукамі, а рот пры тым заклеены скотчам… Або штосьці іншае – менш ці больш брутальнае – у розных варыяцыях.

Карацей, здаровая канкурэнцыя – гэта для нас нешта новае. Вось і канцэрн “Беллегпрам” даўно распачаў вайну з сэкандамі… Можна было назіраць і першы, і другі раўнды барацьбы… Цяпер, здавалася б, зусім іншая сітуацыя. Сітуацыя, што прапаноўвае салідарызавацца і працаваць, а разам з гэтым дае айчынным вытворцам карт-бланш – шанец праявіць сябе. Якая канкурэнцыя з сэкандамі? Усім патрэбныя маскі. Новыя. Часцей – аднаразовыя. Пажадана – якасныя. І тут маем сур’ёзную і не новую праблему – дорага і няякасна. Просты прыклад – трэба наведаць шпіталь. Без маскі – ніяк. І чалавек вымушаны набываць марлевую анучку айчыннай вытворчасці. Без варыянтаў.

Манапаліст можа цудоўна зарабляць на хваробах. На такіх “дробязях” як маскі… Хто пачуе незадаволеных простых смяротных? “Пракуратура!” – сцвярджае тэлеграм-канал «Нехта».

Пракуратура загадала «Беллегпраму» спыніць выпуск звычайных марлевых масак без фільтруючага элемента. Да гэтага іх пастаўлялі ў 6-ю гарадскую клінічную бальніцу і ў аптэчную рознічную сетку. Такія маскі маральна састарэлі і не даюць патрэбнай абароны пры распаўсюдзе каронавіруснай інфекцыі, паведамляе пракуратура ў сваім лісце да спадарыні Лугіной і спадара Караніка. Эпідэміёлагі ацанілі эфектыўнасць вырабаў на ўзроўні 10%.

Пракуратура просіць канцэрн «Беллегпрам» улічыць міжнародныя стандарты і наладзіць выпуск масак з выкарыстаннем фільтраў бактэрыялагічнага бар’еру. Пытанне – чаго чакалі айчынныя вытворцы, ведаючы пра надыход пандэміі? Маглі перагледзець стандарты і заваліць Беларусь нармалёвымі маскамі. Глядзіш, людзі простыя пасля такога шырокага жэсту забыліся б дарогу да сэкандаў і пасля пераадолення пандэміі апраналіся б выключна ў айчынных вытворцаў! З удзячнасці! А цяпер – не. Хутчэй апрануць кітайскае, бо яшчэ невядома, што будзе асацыіравацца са словам “падстава” – Кітай або лозунг “Набывай айчыннае!”

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ