Мастацтва падлікаў



У беларусаў запыталі пра формулу ідэальнага падарожжа – пачулі цікавыя адказы!

Даследванне сярод 6 тысяч падарожных праводзілі спецыялісты тэматычнага сайта-пошукавіка Aviasales.by. Для 29% беларусаў на гатэлі, дарогу ды іншыя рэчы ў дарозе патрабуецца не менш за 35 тысячаў беларускіх рублёў (амаль 15 тысяч еўра). Для 25% турыстаў ідэальна мець 200 (!) рублёў. Маўляў, прыгоды, драйв і аўтастоп – наша ўсё! Бадай, гэтыя дзве групы – крайнасці, а больш рэальна на рэчы і з’явы прыроды глядзяць тыя турысты-авантурысты, якім хопіць адпаведна 1800 і 3500 тысячаў на падарожжа.

Хтосьці не адважваецца выбрацца за межы Айчыны, затое чакае пасылак з далёкіх краёў… І не можа дачакацца! Па той простай прычыне, што ў сярэдзіне лістапада многія гандлёвыя пляцоўкі адзначалі Сусветны дзень шопінгу, а мясцовыя шапаголікі, вядома, не стрымаліся! Потым прыйшлі святы – і пасылкі завіслі на мытні ды ў паштовых аддзяленнях… Вы ж памятаеце, што проста так пасылку з-за мяжы не атрымаеце, што нават сябра павінен папярэдзіць пра суму і змесціва скрыначкі?

Ну і ладна, не падабаецца штосьці – можна з’ехаць кудысьці, бо ўнутраная эміграцыя ў нашых шыротах ратуе не заўжды. Просты мастацкі прыклад! Сябрам Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў жыллёвыя аб’яднанні ў Менску пачалі пералічваць арэндную плату за творчыя майстэрні насуперак заключаным дамовам. Усе рэкі цякуць – усе кошты растуць… І калі ў майстэрні вядомага і паважанага мастака знайшлі ложак… Майстэрня пераўтвараецца ў памяшканне, што не па прамым прызначэнні  скарыстоўваецца, і павага раптоўна знікае.

Вучым мастакоў жыць? Калісьці ўжо гэта было. Праходзілі. Не прайшлі?

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ