Міхалу віват!



25 верасня традыцыйна на Смаргоншчыне адзначаюць Дзень народзінаў М. К. Агінскага.

Залатая восень. Паўночныя Афіны… То бок Залессе. Тыя, хто “сябруюць” з Міхалам, цудоўна дату ведаюць. І прыязджаюць да яго ў госці. Пачынаючы з канца 1980-х, свята праходзіла ў маёнтку кампазітара і палітыка ў розных фарматах. Сяброўскай грамадой – нязмушана і экспромтам! – з падачы Сяргея Верамейчыка і настаўнікаў мясцовай сярэдняй школы. Потым – абсалютна нефармальна і непрадказальна, змешваючы стыль і людзей рознага стылю і ўзросту. З дамешкам пафасу і афіцыёзу – пасля рэстаўрацыі і стварэння музея-сядзібы ў Залессі. І неадменна – з павагай да імянінніка.

Стаў традыцыяй прыезд у Залессе на свята Міхала Агінскага Міхаіла Фінберга з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам. Сёлета адбылося ўжо пятае свята камернай музыкі “Вяртанне Паўночных Афінаў”, але святочнаму настрою яўна перашкодзіла надвор’е. Халадэча і моцны вецер прымусілі маэстра паспачуваць сваім артыстам і значна скараціць музычную праграму ва ўнутраным дворыку палаца. Гледачы не былі ў прэтэнзіі: яны яшчэ ў нядзелю атрымалі смс ад МНС з пажаданнем не выходзіць з дому без важных прычынаў.

У панядзелак на працу прыйшлося цягнуцца ўсім, а вось выбрацца на ўрачыстасці да Дня народзінаў Міхала ў аўторак – на гэта яшчэ трэба было адважыцца! Абышлося без дажджоў (іх абяцаў прагноз надвор’я!), але сонца было халоднае – развітальнае. І вецер марозны. І сумна-разгублены маэстра, які чамусьці размаўляў па-расейску. Не хапала вядучай Святлены Немагай – знаўцы гісторыі і мелодый роду Агінскіх.

Не хапала цеплыні Паўночных Афінаў. Штосьці было не так… Праўда, Фінберг паабяцаў прыехаць налета з джазавай праграмай. Пажывем – пабачым, ці дадуць джазу ў Залессі.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ