Можа, і аддаваць не давядзецца?



Скажы мне, хто твой сябра, і я скажу табе, хто ты… Зазвычай спрацоўвае.

Праўда, у беларусаў праблематычна з самаідэнтыфікацыяй, а значыць, і з сябрамі сітуацыя супярэчлівая. Нявызначаная. Полька беларуская паміж Польшчай і Расеяй выглядае трохі недарэчна. Рухам не стае ўпэўненасці. Музыка фальшывіць час ад часу…

Днямі Гародня падпісала дамову пра пабрацімскія сувязі з… Тамбовам. Дакладней, гарадскія бізнесмэны і чыноўнікі з’ездзілі на ўсход, каб наладзіць гандлёва-эканамічную супрацу. У траўні бягучага года чакаецца візіт дэлегацыі з Тамбова ў Гародню.

Першая згадка пра Гародню – 1127 год. Пра Тамбоў – 1637-ы… Ніякіх крыўдаў – усё адносна! І менталітэт, і стаўленне да некаторых рэчаў.

І хоць часткай рускага свету мы не з’яўляемся, як гучна зазначыў на прэс-канферэнцыі кіраўнік беларускай дзяржавы, сябраваць мы з ім можам.

Можам сябраваць і… папрасіць грошай. Не першы раз. Напэўна, гэта беларуская традыцыя – прасіць грошай у сяброў. Аддаваць-не аддаваць (і чым аддаваць!) – іншае пытанне.

Улады Беларусі папрасілі ва ўрада РФ фінансавую падтрымку ў памеры 2, 5 млрд долараў. Пра гэта распавёў інтэрнэт-партал TUT.by, не раскрываючы сваіх інфармацыйных крыніцаў. І не столькі прасілі! Мільярдам больш, мільярдам менш! Можа, і аддаваць не давядзецца, калі грошы ідуць не для Беларусі (гэта назва цяжкая для вымаўлення на ўсходзе), а для нейкай міфічнай “Белоруссии”. Зрэшты, не варта спадзявацца, што суседзі няправільна аформілі крэдытныя паперы. На што ж нам застаецца спадзявацца?

Як варыянт – на рост коштаў арэнды. Спадар Пуцін папрасіў спадара Лукашэнку прыняць нармандскую чацвёрку? Папрасіў. Мы не першы раз шчодра даём прытулак прыхільнікам перамоваў па украінскім пытанні. І першы раз – такі салідны ўзровень і фармат мерапрыемства. Германія, Францыя… Хто б падумаў пра ўсё гэта яшчэ год таму?! Вось таму і спадзяёмся, пэўна, што даўгі не давядзецца аддаваць.

Надзея нам жыць дапамагае заўжды! Ды іншыя, больш прагматычныя, субстанцыі…

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ