Можа, так і трэба?



Традыцыя паліць “ведзьму” ў купальскім вогнішчы яшчэ трымаецца ў Беларусі.

Традыцыя паліць кнігі “няправільных” аўтараў у вогнішчах прамінула разам з Сярэднявеччам… Ёсць іншыя спосабы цэнзуры. У Ганконгу адбыўся прэцэдэнт: грамадскія бібліятэкі прапынілі выдачу некаторых паліталагічных і гістарычных працаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца апаненты афіцыйнага Пекіна і тэарэтыкі аўтаноміі Ганконга. Прычына – закон пра дзяржбяспеку. Новы кітайскі закон пра дзяржаўную бяспеку ў Ганконгу.

Магчыма, кнігі вернуцца ў грамадскія бібліятэкі Ганконга. У тым выпадку, калі пройдуць праверку на адпаведнасць пазначанаму закону. З ім усё неадназначна, з законам, як і са зносінамі Пекіна ды Ганконга. Пасля таго, як дакумент уступіў у сілу, у Ганконгу адбыліся дэманстрацыі і сутыкненні з уладамі. Сотні затрыманых. Грамадская напружанасць, стрэс, цэнзура… Можна не пісаць пра гэта, але словаў з песні не выкінеш – ці то гэта будуць кнігі, ці то твітэр Джошуа Вонга або Тані Чань… У кожнага пратэсту – свае твары! Тым часам палітыкі лаяльнага Кітаю ўрада Ганконга не лічаць часовы “арышт” кнігаў чымсьці няправільным. А раптам, там знойдзецца нешта шкоднае? Не паложана. За такое і сесці можна. Надоўга. Не кажыце, што вас не папярэджвалі. Не падабаецца – з’язджайце. Па брытанскім заморскім пашпарце (https://www.bbc.com/russian/news-53301337).

Супрацоўнікі інтэрнэт-партала Tut.by даведаліся, што іх (а таксама – партал onliner.by) не дазваляюць чытаць супрацоўнікам нацыянальнага парка “Белавежская пушча”. Нельга скарыстоўваць службовы інэт не па прызначэнні. Пазначаныя навіновыя сайты сталі занадта папулярнымі і перашкаджалі людзям працаваць. Усё па законе. Усе супадзенні выпадковыя. Навіны чытайце дома. Можа, так і трэба? У пушчы зубры ды турысты ў прыярытэце.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ