Навіны і фэйкі нашых шыротаў



Лістапад месяц працягвае заставацца надзвычай цёплым і – месцамі! – нават сонечным… Радуемся? Парадавалі і некаторыя навінавыя фэйкі апошняга часу.

У прыватнасці, навіна пра смерць пісьменніцы Эліс Манро не пацвердзілася. Фэйк прыпісваюць італьянскаму журналісту Тамаза Дэбэнэдэці, які раней ужо уводзіў у зман СМІ і грамадскасць, паведамляючы пра смерць Святланы Алексіевіч, Фідэля Кастра ці Пэдра Альмадовара. Літаратурная слава прыйшла да канадскай пісьменніцы і нобелеўскай лаўрэаткі даволі позна, то хочацца верыць, што спадарыня будзе жыць доўга і шчасліва. Як і іншыя таленавітыя літаратары, што не даюць спаць спакойна аматарам чорнага піяру. Так бы мовіць, на зло зайздроснікам і на радасць аматарам сваёй творчасці!

З’явілася і навіна пра родную мову ў беларускім перапісе. Быццам беларускую лічаць роднай больш 5 мільёнаў суайчыннікаў (60% насельніцтва), а гэта на парадак лепшы вынік, калі параўнаць з перапісам 2009-га. Аптымістычны. Той, што дае спадзеў, – мова наша не памірае! Не цяпер. Навіну прыводзіць супярэчлівы ў сваёй рэпутацыі сайт, які да таго ж дае непрамую і непрацуючую спасылку на АНТ… Яўна – фэйк. Цікава, каму і навошта ўсё гэта было патрэбна. Распачалося датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах. Дакладна не фэйк. Сумна… Па той простай прычыне, што любыя выбары ў нашай краіне (хай сабе і без магчымасці рэальнага выбару!) ствараюць пэўную дзвіжуху сярод палітыкаў, чыноўнікаў, журналістаў… А потым усё рэзка заканчваецца. Падмарожвае. У гэтым годзе і сезон адпаведны… Зірніце на каляндар! Зрэшты, наша надвор’е – суцэльная анамалія. На што тут спадзявацца?

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ