Незалежнасць



Спорт, самалёты, танкі… Войска і гучныя прамовы… Мова… Прырода… У кожнага з нас выбудоўваецца ў галаве свой асацыятыўны рад да слова “незалежнасць”… Або не.

А ёсць месцы, дзе ведаеш, што ты – дома. Незалежны. Без пантоў і прамоў. Просто дом, сядзіба, кветкі і дрэвы… І праца – прыемны і патрэбны часам бонус. Бываючы ў Кушлянах, нешта падобнае як раз і адчуваеш. Спакой і ўпэўненасць юрыста, што рабіў сваю справу, шкадаваў мясцовых людзей і вершы пісаў… час ад часу. Па начах, пры лямпе… У прыватнасці, неяк так уяўляеш сабе жыццё гэтага дзіўнага Мацея Бурачка. Першага беларускага паэта і праваабаронцы… 29 чэрвеня адбыўся “Кушлянскі фэст” – нагода наведаць хату беларускага паэта, трапіць на майстар-клас па ткацтву паясоў, пакаштаваць напоі з зёлак ды навучыцца танчыць старадаўнія танцы. Шанец на сустрэчу для тых, хто незалежнасць і радзіму ўяўляе сабе менавіта так… Сядзіба. Прысады. Лета. Сябры… Паэзія? Куды ж без паэзіі і паэтаў у Беларусі?

Нагода працытаваць вершаваныя радочкі паэткі Алы Клемянок пра Кушляны…

Плача жалейка і дудка спявае,

не зарастае сцяжынка да ганка,

мара пакутлівая векавая

як папрадуха за кроснамі з ранку.

Можа, таму і стаіць так трывала

дом на гары ў акіяне чакання,

што яго ўдзячнасць людзей ратавала

ад разбурэння, ад занядбання…

Усё магчыма. У прыватнасці, кожны з нас выбудоўвае ў галаве свой асацыятыўны рад да слова “дом”… І ён ідзе напрасткі да слова “незалежнасць”. Або не. Не ідзе.

 

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ