Новы год



26 снежня старая, добрая Англія і некаторыя дзяржавы Брытанскай садружнасці нацый адзначаюць Дзень падарункаў – свята працягваецца і пасля Раства па грыгарыянскім календары, ура!

Большасць беларусаў – малых ды вялікіх – чакаюць Новага года… І падарункі пад елачкай (сасной) знаходзяць ужо 1 студзеня года новага. Добра гэта або дрэнна – тэорыя. Факт застаецца фактам: Раство ў СССР забаранілі і многія сем’і зрабілі асноўным святам Новы год. У нашы дні многія ж спрабуюць “перабудавацца” або спалучаць… Святочны настрой, жаданне пераменаў і весялосць залежаць у тым ліку і ад надвор’я. На новы год айчынныя сіноптыкі паабяцалі дождж і мокры снег… Не ўражвае? Безумоўна, затое маем шэраг іншых плюсаў бліжэй да свята.

Бязвіз у некаторых раёнах Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей павялічылі да 10 дзён. Пэўна, падлічылі чыноўнікі, колькі зарабілі на турыстах дзякуючы пяцідзённаму бязвізу і колькі яшчэ змогуць зарабіць у святочныя дні. Беларусы не асабліва адзначыліся ў плане шопінгу за апошні час (насуперак Калядам і Новаму году!), асабліва ў правінцыі.

У жыхароў горада-героя Менска ды гасцей нашай сталіцы будзе шанец убачыць навагодняе прадстаўленне для дзетак ля Ратушы. Шыкоўнае відовішча. Двойчы на дзень. Да 5 студзеня… Бясплатна. Песні, танцы, піратэхнічныя і светавыя эфекты. Парк атракцыёнаў з цягнічком і Дзедам Марозам – зусім побач, як і магчымасць набыць штосьці смачнае, выпіць гарбаткі ці глітвейну (ужо дарослым!)

Карацей, мы старанна рухаемся да еўрапейскага стылю (знешне). У плане традыцый пакуль назіраецца поўны… мікс. Раство і Новы год, Дзед Мароз і Санта Клаўс… Дарэчы, Дзеда (ці Санту) інспекцыя па падатках і зборах Менскай вобласці папярэджвае – хочаш папрацаваць і зарабіць? Калі ласка, але не забудзься папярэдзіць падаткавікоў па месцы жыхарства, а то раптам… ты заробіш зашмат. І не падзелішся.

З надыходзячым вас, таварышы (і спадарства!)

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ