Падарожнікі і жанчыны ў белых паліто заўжды маюць рацыю…



Распачалося датэрміновае галасаванне. Беларусы пасля распаду СССР, як вядома, актыўна сталі падарожнічаць… І датэрміновае галасаванне – харошая магчымасць ажыццявіць свой грамадзянскі доўг без моцных згрызотаў сумлення, бо, ведаеце, у нас традыцыя такая перадвыбарчая – ляцець у Вену або Парыж. Літаральна палова краіны з’язджае…

Яшчэ ў Ізраілі цяпер цудоўна – надвор’е шыкоўнае, не горача… Галоўнае не трапіць у перыяд абвастрэння вайсковых канфліктаў! І ў Штаты можна (такое адчуванне, што палова тваіх разумных знаёмых туды перабралася…) І ў Лондан, калі любіце дажджы ды прайшлі квэст пад назвай “Атрымай брытанскую візу!” У скрайнім выпадку, можна і без візы паляцець у Калінград-Кёнігсберг, калі вы змаглі набыць бюджэтныя авія-квіткі… Цяпер такое шыкоўнае для лістапада надвор’е, што і на Балтыцы будзе хораша – пазмагаецеся з айчынным ёдадэфіцытам і супакоіце нервы! А то ў некаторых таварышаў справа даходзіць літаральна да нервовага зрыву!

У прыватнасці, на адным з выбарчых участкаў Берасця незалежны назіральнік проста за руку злавіў адну маладую спадарыню, якая хацела запхнуць у скрыначку падазрона пульхны бюлетэнь… Пэўна, яна хацела і за маму з татам прагаласаваць, і за дзядулю з бабуляй, і за суседзяў, якім лянотна цягнуцца на выбарчы ўчастак, бо збіраюць у Парыж валізкі… Справа вядомая! Проста беларуская традыцыя – збіраць валізкі перад выбарамі! Ну, распавяла б назіральніку сваю гісторыю – мо, паспачуваў бы малады чалавек, зразумеў… Вы падумайце, гэта ж трэба так адказна ставіцца да свайго грамадзянскага доўгу? Не, спужалася ды ўцякла, а хлопцу цяпер перажывай і думай, што за паперкі грамадзянка знесла з выбарчага ўчастка. У яго таксама абавязак грамадзянскі – за выбарамі назіраць!

Тым часам старшыня ЦВК ужо зазначыла, што хлопец займаўся непатрэбшчынай і яго трэба адправіць куды падалей… Не, не ў Парыж – толькі пазбавіць акрэдытацыі. Маўляў, нельга было здымаць відэа без дазволу… А без відэа хто б убачыў тую прыгожую і нервовую дзяўчыну ў прыгожым светлым паліто?! А куратарку БДЭУ, што старанна тлумачыла студэнтам, чаму, як і дзе ім трэба прагаласаваць датэрмінова, а то яна заплача, бедная… А потым – мамы і таты тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не прагаласуюць і не атрымаюць месца ў інтэрнаце.

Дзіўны гэты свет 21 ст., дзе ўсе так трасуцца з-за дробязей.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ