Панядзелак 13-га



Пачынаць новае жыццё з панядзелка – жаданне ўхвальнае, але падаецца, што панядзелак 13 лістапада – гэта не самы просты варыянт развіцця падзей.

Існуе меркаванне, што адчуваць сябе добра ў лістападзе могуць толькі людзі таўстаскурыя, а людзі тонкай душэўнай арганізацыі павінны хоць на тыдзень адчуць на сваёй скуры ўсе адценні восеньскай хандры і меланхоліі. Не адчуваеце? Значыць, вы або чалавек таўстаскуры, або проста падманваеце зацікаўленую грамадскасць…

Між тым сіноптыкі ўжо паабяцалі, што новы працоўны тыдзень такі пачнецца з хмар, мокрага снегу і дажджу… Чакаем! І выцягваем сябе з-пад коўдры раніцай, бо разам з панядзелкам 13-га мы маем і Сусветны дзень Дабрыні. Варта паспець зрабіць штосьці добрае. Міністэрства аховы здароўя РБ прапануе адмовіцца тытуню.

Антытытунёвая акцыя пройдзе ў Беларусі з 13 па 17 лістапада. Акцыя прымеркаваная да правядзення 16 лістапада: адзінага дня здароўя пад назвай „Сусветны дзень некурэння. Прафілактыка анкалагічных захворванняў”. Тэма сур’ёзная. У тэматычных мерапрыемствах будуць задзейнічаны арганізацыі аховы здароўя, установы адукацыі, спорту і турызму, культуры, СМІ ды іншыя зацікаўленыя (і не вельмі зацікаўленыя) таварышы.

Тут мы салідарныя з усімі заходнімі дзяржавамі, якія штогод, у трэці чацвер лістапада адзначаюць Дзень адмовы ад палення. Падцягваюцца Міжнародны дзень, прысвечаны цярпімасці, ды Сусветны дзень філасофіі. Карацей, варта быць больш цярпімымі і да тых, хто яшчэ паліць. Ці не стане гэты свет сумным ды аднастайным без нашых шкодных звычак? Пэўна, не варта пазбаўляцца ад усіх адразу. Пакінем трохі?

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ