Перапіс беларускі або перапіс беларусаў?



У Беларусі раскашуе бабінае лета, працягваецца перапіс насельніцтва, ідзе падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў… Усё гэта ўжо калісьці было… Радуешся адно надвор’ю!

21% ад усёй колькасці насельніцтва перапісаліся па інтэрнэце! І вы яшчэ кажаце, што мы не дацягваем да статуса IT-дзяржавы?! Сеў да ноўта, гарбаты выпіў, потым зірнуў за вокны, палічыўшы кусты парэчак ды яблыні… І перапісаў сябе ды родных за пару хвілін – ніякіх пытанняў! Версія сайта перапісу па змоўчанні расейскамоўная – пераключыце! Згадайце плошчу дома або кватэры, наяўнасць зямельнага ўчастка (участкаў) і вырашыце раз і назаўжды, будзеце вы жыць тут або з’едзеце за мяжу. Ад нашага перапісу ўзнікае нейкае дзіўнае пачуццё. Там маецца шэраг тэхнічных пытанняў, на якія маглі даць адказ адпаведныя дзяржаўныя службы (у вёсцы – сельскі савет, напрыклад). І ёсць там пытанні занадта асабістыя, але наўрад ці ты зможаш на іх адказаць шчыра, ведаючы, што сістэма мае твае яўкі і паролі… Выбачайце, пашпартныя дадзеныя і месца рэгістрацыі, пражывання ды знаходжання ў прасторы і часе!

Спецыфічны спосаб патраціць грошы і час падаткаплацельшчыкаў, праўда? Дарэчы, грошы на перапіс былі закладзеныя ў праект дзяржаўнага бюджэту на 2019 год — 8,3 мільёна рублёў. Даў грошы і Усясветны банк (1,9 мільёна долараў – чытай палову айчыннай сумы) Ці атрымаецца праўдзівы зрэз грамадства і грамадскай думкі? Людзі пад гэтым шэрым небам маюць неслабы досвед партызанкі і цудоўную схільнасць прападабняцца да сціплай палітры айчынных далягладаў. Інтуіцыя многім неабыякавым суайчыннікам падказвае: зменшы яблыні на палову, а мову пазнач беларускую ва ўсіх трох пунктах!

Што там будзе далей – пытанне… Пераначуем – болей пачуем! Застаемся аптымістамі… Застаемся зімаваць? Бо гэта ўжо апошні віток бабінага лета – позні і нечаканы.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ