Першы раз у першы клас



Жнівень – вяршкі лета! Хоць і не хочацца яшчэ думаць пра верасень, школу, восеньскі дожджык, а… думаецца міжволі. Перш за ўсё пра тое…

Колькі грошай каштуе сярэдні вучань сярэдняй школы сваім бацькам! Сумы, безумоўна, будуць індывідуальнымі, але нейкія агульныя тэндэнцыі можна заўважыць.

“Рэгіянальная газета” сустрэлася з маладэчанскімі бацькамі і педагогамі. Выданне правяло журналісцкае расследванне і вылічыла “кошт” першакласніка. Дык вось, ён вырас прыкладна на 1 мільён беларускіх рублёў у параўнанні з першакласнікам мінулагоднім. Падаражэў з двух да трох мільёнаў.

Бацькі дзетак, што пойдуць першы раз у першы клас, атрымалі спіс рэчаў, неабходных першакласніку. Азнаёміцца з ім можна на сайтах маладэчанскіх школаў. Прагрэс не стаіць на месцы – не толькі кошты! Пазітыў.

Безумоўна, бацькоў-скнараў не так і шмат! Хто ж адмовіцца набыць дзіцёнку прыгожы ранец ці пенал – першыя ў жыцці? З іншага боку, беларуская дзяржава дастаткова эканомная ў плане прадастаўлення адукацыйных паслугаў сваім грамадзянам.

Прафесар філасофіі і сябра Грамадскага Балонскага камітэта, вядомы эксперт і навуковец Уладзімір Дунаеў кажа пра тое, што Беларусь дэманструе “незразумелую скупасць пры фінансаванні адукацыі”. Гутарка ідзе і пра нашу сістэму адукацыі ў цэлым, і пра вышэйшую адукацыю, да якой праз 11 год прыйдуць многія першакласнікі-2014.

Хочацца верыць: за гэты час дарослыя беларусы ўсё ж вырашаць асноўныя праблемы адукацыі малых беларусікаў, а пакуль застаецца толькі прызнаць, што беларускія дзеці – разумныя, таленавітыя і творчыя! Насуперак ці дзякуючы ўсім нашым супярэчлівым  і непрадуманым рэформам.

Дзеці і падлеткі з горада Баранавічы прынялі ўдзел у крэатыўным праекце: чыталі кнігі сабакам у гарадской бібліятэцы. Такая методыка навучання чытанню вядомая ў многіх краінах, а ў нас – яшчэ дзіва. Між тым, яна дапамагае дзецям чытаць лепш і прывівае любоў да братоў нашых меншых. У выніку добра ўсім!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ