Помнікі… Пра што мы памятаем насамрэч?



Выбар – тое, што заўжды чакае нас… Штодзень, кожную хвіліну, літаральна вось тут, за вуглом… І выбар не заўжды просты… Што ты зробіш сёння? Пра што будзеш помніць заўтра? Пра што забудзеш?

Яшчэ адна нагода пра помнікі паразважаць. Тым болей, фактуру адпаведную само жыццё падкідае. Помнік нашаму Янку Купалу паставілі ў далёкім Кітаі. Студэнты Сіаньскага ўніверсітэта замежных моваў, што абралі беларускую мову сваёй спецыяльнасцю, падрыхтавалі творчую праграму. Выразна чыталі вершы класіка на беларускай і кітайскай мовах.

Цудоўна… Чаму ж няма помніка песняру ў горадзе Маладзечна? Планы па ўсталяванні помніка класіку агучылі яшчэ ў межах падрыхтоўкі да рэспубліканскіх “Дажынак” 2010 года. На пашыранай нарадзе аблвыканкама прапанавалі ўсталяваць помнік у цэнтры горада. Планавалася, што ён з’явіцца ў скверы, там, дзе цяпер размешчаны фантан “Папараць-кветка”, нагадвае “Рэгіянальная газета”. Прамінула шмат часу і адпаведных “тэматычных” падзей. Быў рэальны шанец такі паставіць помнік Купалу ў Маладзечна, але ж не! Затое помнік Леніну ў цэнтры цудоўна пачуваецца… І помнікі іншым персанажам не нашай гісторыі растуць па краіне, быццам грыбы.

Зрэшты, не ўсё так дрэнна. Мэмарыяльны знак расейскаму цару Пятру І плянавалі адкрыць 26 чэрвеня ў Горках. Нагода? Логіка? Гадавіна вызвалення Горацкага раёну ад нацыстаў. Усё ўжо было гатова ўключна з помнікам дадзенаму гістарычнаму персанажу, але вышайшае начальства сказала “не!” Той выпадак, калі ахвотна пагаджаешся з чыноўнікамі. Аблвыканкам вырашыў: парушаныя працэдуры ўзгадненьня. Зразумеў бы яшчэ хтосьці там, наверсе, што парушаная сама логіка гістарычнага працэсу. Нельга ставіць помнікі захопнікам. Хай Пётр І застаецца там, дзе і павінен быць, – у Піцеры… А ў нас Скарына ёсць – не прападзем!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ