Пра Мінск і Менск



3 ліпеня – дзіўная дата, і асабліва моцна гэта адчуваецца ў дажджлівае пахмурнае надвор’е. Цябе ахоплівае пачуццё міжчасся, нейкае дзіўнае “паміж”… Быццам і Дзень незалежнасці адзначаем, але… На конт нашых залежнасцей і спрачацца не варта – усё відавочна. На парадзе старанна маршыруюць кітайцы і расейцы, крэдытамі ад якіх мы не грэбуем.

Горад Менск займеў добрую традыцыю – “Джазавыя суботы” ля Ратушы. Падчас гэтых летніх уікэндаў ён падаецца іншым. Людзі вольна слухаюць добрую музыку, п’юць каву. Жыццё ў харошым сэнсе запавольваецца – і ёсць час падумаць пра штосьці харошае… Або паглядзець па баках і ўбачыць твары людзей, якія думаюць пра штосьці харошае.

Праз нейкі час праглядае іншае аблічча сталіцы… Рэпетыцыі параду і сам парад. Які джаз? Танкі ў горадзе, самалёты, таварышы па барацьбе – поруч! У свеце неспакойна і расслабляцца рана нам, шаноўныя! З іншага боку… Можна зірнуць на сітуацыю па-іншаму. 1 ліпеня адзначаецца Дзень Канады, а 4 ліпеня – Дзень Yезалежнасці ЗША. То бок храналагічна мы ў добрай кампаніі.

Пад гукі танкаў і дажджу дзесьці далёка грае джаз. Ледзь чутна… Ты згадваеш, што адна сяброўка дзяцінства жыве ў Канадзе, іншая – у Штатах. Даеш сабе ўказіўку брацца за ангельскую мову – гэта пашырае далягляды. Ставіш джаз – гэта дадае творчага натхнення. Пампуеш “правільны” дэтэктыў… Размаўляеш з “прасунутымі” людзьмі. Вось яна – незалежнасць. Унутраная аўтаномія. Свой свет.

Пазначыць межы даволі проста – абараніць цяжэй: жыццё грае не толькі джаз.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ