Проста фітнэс



Фітнэс – справа карысная, але з гэтым згодныя не ўсе. Як і з жаданнем зляпіць снегавіка ды паставіць на сваім падворку. Пра сцягі прамаўчым… Сутыкацца з праваахоўнікамі таксама небяспечна: атрымаеш гематомы пры сутыкненні ды яшчэ і вінаватым застанешся.

Ва ўсім гэтым прававым дэфолце, ва ўсёй нашай дзіўнай фантасмагорыі так прыемна падчас бачыць перамогу здаровай логікі і здаровага сэнсу. Суд Першамайскага раёну Віцебска спыніў дзве справы ў сувязі з недаказанасцю. Рашэнне спыніць справы па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу прыняла суддзя Вераніка Барысава – інфу дае тэлеграм-канал «Витебск невероятный».

Тацяну Севярынец, Алену Каснову і яшчэ некалькіх жанчын затрымалі 13 студзеня ў Шпілеўскім лесе пад Віцебскам. Злосныя тэрарысткі? Ды не, жанчыны скандынаўскай хадой займаліся. Фітнэс і здаровы лад жыцця – нічога крымінальнага! Але ў выніку ананімнага тэлефанавання жанчыны суткі правялі ў ізалятары. Без ежы. Вырашылі да здаровага ладу жыцця дыету дадаць? Здаецца, спорт і дыета – справа добраахвотная? Не заўжды, аказваецца…

Хочацца верыць, што і з чатырма іншымі спартоўкамі ўсё будзе добра: адна жанчына трапіла ў шпіталь з пастарунка, а ў трох іншых суд прызначаны пазней.

Ананімны званок (маўляў, хтосьці дзесьці там стужачкі развешвае!) – і опа, 12 мужчын у чорным выехалі ў лес. Аператыўнікі арыштавалі аматарак фітнэсу аператыўненька. Ці расчараваў іх вырак суду? Пакінуў пакрыўджанымі (модны трэнд…)? Або хтосьці з тузіна чорных выдыхнуў з палёгкай?

Дзіўныя рэчы ў свеце адбываюцца… Дзіўны гэты свет.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ