Проза жыцця сталіцы ды правінцыі



Да журналіста, краязнаўцы і грамадскага дзеяча Кастуся Шыталя з Докшыцаў можна ставіцца па-рознаму: чалавек ён няпросты і погляды мае даволі экзатычныя… на многія жыццёвыя з’явы.

Хтосьці паспрачаецца і забудзецца – хтосьці забаніць на векі вечныя! Усе людзі розныя – гэта праўда! Але ў любові да свайго роднага краю і мовы роднай Шыталю не адмовіш: то рэтраздымкі рарытэтныя знойдзе за мяжой, то цягнік спыніць на патрэбнай станцыі… То бок, не стоп-кран рване, не! Проста дзякуючы перапісцы з чыноўнікамі дакажа мэтазгоднасць цягнікам спыняцца менавіта тут… Ці сказалі землякі “дзякуй!”? Падумалі не раз – гэта дакладна!

І вось цяпер спадар Шыталь змагаецца за непаэтычную, але вельмі патрэбную рэч – нармалёвую прыбіральню на аўтастанцыі ў Глыбокім. Стварыў у сеціве петыцыю і збірае подпісы. Маўляў, грамадскі туалет на аўтастанцыі ў горадзе Глыбокае “не адпавядае сучасным уяўленням пра камфорт”. Ні каналізацыі, ні вадаводу, ні магчымасці рукі памыць – нічога тут няма! І піяр дрэнны па ваколіцах… Так, спадарства, ХХІ стагоддзе на дварэ. Так, Глыбокае – раённы цэнтр… Не здзіўляе.

Зусім нядаўна адбылася іншая падзея: яна сур’ёзна здзівіла і збянтэжыла. Рамонт у Нацыянальнай бібліятэцы. Многія СМІ распавялі пазітыўную навіну: Нацыянальная бібліятэка ў рэшце рэшт набыла партыю сучасных унітазаў! Дзіўныя рэчы. Бібліятэка працуе 13 год і… Толькі цяпер адміністрацыя зразумела, што патрэбныя перамены? То бок сучасны будынак быў здадзены без элементарных побытавых зручнасцей? Напольныя прыбіральні ў “дыяманце” ведаў – як вам такая “фішка” ў ХХІ стагоддзі?

Жыхары горада Глыбокае просяць знайсці грашовыя сродкі і абсталяваць на аўтастанцыі туалет з каналізацыяй і вадаводам. За першы дзень па стане на 22.18 па беларускім часе петыцыю падтрымалі 76 чалавек. Пажывем – пабачым… Што далей будзе. Дзіўна, што не было аналагічнай петыцыі пра туалеты ў галоўнай нашай бібліятэцы!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ