Рэлакс на Браславах



Неўзабаве мы можам стаць падобнымі да французаў. У прыватнасці, ёсць адна рэч, якая пачала нас аб’ядноўваць… Большасць французаў адпачываюць дома. Нармандыя ці Праванс – харошы выбар!

Вось і беларускія турысты аддаюць перавагу адпачынку ўнутры краіны, сцвярджае БЕЛТА.

Паводле дадзеных Міністэрства спорту і турызму, колькасць арганізаваных турыстаў унутры краіны ў 2015 годзе павялічылася амаль удвая і склала 91,5 тыс. замест 56,2 тыс. у 2014-м. На замежны адпачынак ў 2015 годзе адправіліся 533,8 тыс. чалавек ў складзе арганізаваных турыстычных груп замест 670,4 тыс. у 2014-м.

Павялічылася колькасць гатэляў, аграсядзібаў і туркампаніяў, што чакаюць сваіх гасцей — айчынных ды замежных. Усё цудоўна! Рухаемся ў «французскім» накірунку… Але на адну і тую ж інфармацыю можна зірнуць з двух бакоў. На адпачынак – таксама.

Беларусы сталі радзей выязджаць на адпачынак за мяжу. Думаецца, суайчыннікі не ад  добрага жыцця замежныя ваяжы скарацілі. І не толькі іх.

Беларусы сталі эканоміць на многіх рэчах. Амаль кожны другі беларус (а менавіта – 46% па звестках Міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў) у 2015 годзе стаў ашчаджаць на прадуктах харчавання. І часцей за ўсё не набываюць (або набываюць менш) мяса, рыбу, шакалад і гарбату. Па росту коштаў у мінулым годзе Беларусь стала адным з 5 лідараў дзяржаваў былога СССР.

Мора цёплае ці мора халоднае – усё ж ім больш пашанцавала, французам… З кліматычнымі ўмовамі… А з начальствам яны вырашылі разбірацца самастойна, не спадзеючыся на Божую дапамогу. У адрозненне ад беларусаў, якім моцна не шанцуе ў гэтым плане, што яны прынялі як лёс на пэўным этапе свайго развіцця.

Так і жывем. Знаходзім іншыя плюсы… Азёры і рэкі не горш за мора-акіян, толькі вось і на такі адпачынак дома  грошы патрэбныя. Калі ж іх не хапае на важныя прадукты харчавання, то які можа быць рэлакс на Браславах. Пра што размова?

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ