Рукапісы не гараць…



Гарачае беларускае лета – шанец падарожнічаць (па роднай старонцы, бо каронавірус амаль усе межы зачыніў…) і чытаць або перачытваць кнігі.

Як добра, што рукапісы не гараць! “Споведзь” Ларысы Геніюш знайшла дарогу да чытача… Кніга Яўгеніі Гінзбург у свой час абудзіла многіх людзей у Савецкім Саюзе і паказала жаночы твар ГУЛАГУ… Трагічны твар. Яшчэ цяжэй робіцца ад таго, што гэтыя смелыя жанчыны перажылі, але не змаглі да канца агучыць… Тыя здзекі, пра якія ім самім пакутна было згадваць нават праз шмат год.

Жанчыны цярплівыя, яны доўга маўчаць, але варта пачаць – і пачуеш такое, пра што не здагадваўся. Жанчыны ў нашых шэрых шыротах саступаюць дарогу смелым і разумным мужчынам. Пакуль мужчыны жывыя і свабодныя. Калі ж не, то без варыянтаў – моцнымі быць! Гінзбург піша пра тое, што жанчыны ў турме гнуцца, але не ламаюцца. На волі сітуацыя падобная.

Рукапісы не гараць, бо іх ратуюць людзі. Міхась Чарняўскі выратаваў ад КДБ рукапіс “Споведзі” Ларысы Геніюш. Яўгенія Гінзбург выжыла ў вечнай мерзлаце Калымы, напісала сваю кнігу ў галаве, вынасіла пад сэрцам у старым падраным бушлаце. Выжыла, вярнулася ў цывілізацыю і напісала “Круты маршрут”, расказаўшы пра лёсы рэпрэсаваных і пра сябе самую – пра жыццё жанчыны ў пекле. Добра, што людзі застаюцца людзьмі нават там.

І ўжо апошняя справа біць сваіх – там. Беражыце сябе і сваіх блізкіх, памятайце, што лета – маленькае жыццё… І радуйцеся бягучаму беларускаму лету! Падарожнічайце, чытайце кнігі, выходзьце ў людзі… Безумоўна, не забываючыся пра маскі.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ