Шчасце людское



Кожны чалавек хоча быць шчаслівым і разумее шчасце па-свойму… Вось і фіны, якія ў 2018 годзе ўзначалілі рэйтынг самых шчаслівых людзей на планеце (World Happiness Report), маюць сваё разуменне пра шчасце пад словам “сісу”… Але самыя шчаслівыя? Насамрэч? Фіны ўспрынялі вынікі даследавання з іроніяй і недаверам.

Адна справа – мець сваё фінскае шчасце. Зусім іншая – быць першымі ў гэтай справе… Няпроста перакласці фінскае слова “сісу” – шчасце – на беларускую мову (вантробы!) Прасцей убачыць на практыцы, як яно працуе: тут і ўпартасць у дасягненні сваёй мэты, і сіла волі, і моц, і рашучасць… Пра сісу яшчэ ў 1940 годзе напісала выданне “New York Times” як пра тое, што дапамагло Фінляндыі захаваць незалежнасць падчас вайны з СССР. Маленькая краіна па суседстве з вялізнай імперыяй – такое геаграфічнае становішча вымагае пэўнага погляду на рэчы! І адпаведнага ладу жыцця.

У 1993 годзе Вейка Густафсан стаў першым фінам, які скарыў Эверэст. Потым ён запісаў сабе на рахунак яшчэ 14 васьмітысячнікаў свету (адзін з дзевяці людзей на планеце!) і пік у Антарктыдзе, названы Сісу. Свайго сына ён назваў так жа… І вось гэты неверагодны чалавек, што ўвасабляе сабой дух фінскага шчасця, кажа, што варта рабіць штораз трошкі больш. Прытрымлівацца сваіх рашэнняў. Пры сустрэчы з цяжкасцямі вывучаць досвед продкаў у аналагічных сітуацыях. Успрымаць непрыемныя сітуацыя як новы досвед.

Пасля Зімовай вайны Фінляндыя цалкам выплаціла СССР рэпарацыі. Не кожны можа аддаць даўгі нахабнаму суседу і пачаць зарабляць зноўку, ідучы да свайго шчасця. Затое ў 2018 годзе вядомая балерына Мінна Тервамякі можа забыцца сумку з грашыма і дакументамі на лавачцы ў гарадскім парку, але панікаваць не будзе. Вярнулася і знайшла забытае там жа. Вось такое фінскае шчасце.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ