Што маем – не шануем? Экалогія вялікіх і малых гарадоў



Лета – маленькае жыццё! І тут найбольш востра адчуваеш прыгажосць прыроды і тое, як хутка яна можа стаць атрутнай назаўжды – прыгажосць… Такі сабе закід у бок папулярнага цяпер серыяла “Чарнобыль”… Па шчырасці, цяжка прымусіць сябе яго паглядзець.

Па той простай прычыне, што згадваеш кнігу “Чарнобыльская малітва” Святланы Алексіевіч і разумееш – усё. Не адарвацца. І думак з галавы не выкінуць… Думак пра тое, што жыццё і каханне, сям’ю і дом многіх, многіх людзей аварыя на ЧАЭС проста знішчыла. Нельга забыць і нельга адматаць назад. Хоць многія спрабуюць (забыць) – і маюць поспех.

Здаецца, Чарнобыль павінен быў навучыць беларусаў шанаваць жыццё і здароўе. Не, не пракатвае. Возьмем пару паказальных гісторый. Нават пабудову першай айчыннай АЭС не будзем чапаць. Возьмем меншыя маштабы магчымых трагедый.

Берасце і акумулятарны завод. Працу камісіі па ўводу завода працягнулі да 21 чэрвеня… Завод нават у тэставым рэжыме адзначыўся выкідамі шкодных рэчываў у паветра. Ці дае гэта паўза надзею мясцовым жыхарам, якія даўно выступаюць супраць пабудовы і працы завода?

Змагацца супраць парушэння правоў чалавека – у тым ліку на права дыхаць чыстым паветрам – мае сэнс. Так жыхары Слуцкага раёна прыпынілі пабудову прадпрыемства па перапрацоўцы нафтапрадуктаў. На дзіва – іх падтрымаў райвыканкам! (https://news.tut.by/society/641143.html ).

Возьмем горад Смаргонь: тут не першы год цяжка дыхаць ад вялікіх інвестыцый і іх экалагічных наступстваў. 4 чэрвеня 2019 года суд Смаргонскага раёна адхіліў скаргу на забруджванне навакольнага асяроддзя… Гэта была скарга жыхара Смаргоні Віктара Войткі на дзеянні галоўнага санітарнага доктара Смаргонскага раёна Марыны Турэйкі. З 2016 года спадарыня Турэйка неправамерна – так лічыць заяўнік – узгадніла праекты пашырэння замежнага прадпрыемства “Кранаспан” (вытворчасць ламінату).

Смурод у горадзе – даўно не навіна, і справа тут не толькі ў “Кранаспане”. Першая скарга пайшла. Што будзе далей, залежыць не толькі ад інвестараў і чыноўнікаў, але і ад жыхароў горада Смаргонь. Пажывем – пабачым (і адчуем). Важна разумець: праблема адна для ўсіх. Вытрымаць баланс інвестыцый і аховы здароўя – задача няпростая.

Перад сыходам з паста прэзідэнта Даля Грыбаўскайтэ прапанавала змагацца за поўнае закрыццё БелАЭС. Беларусы могуць крыўдзіцца на тое, што Ігналінскую АЭС пабудавалі без іх дазволу – і будуць мець рацыю, але назад не адматаеш… І не варта ствараць новую праблему суседу, бо ў дадзеным выпадку вырашаем мы. І праблема ў першую чаргу – наша.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ